RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Губернатары на зборы па ваеннай бяспецы прайшлі агнявую падрыхтоўку ў Асіповіцкім раёне

На базе 51-й артылерыйскай брыгады Асіповіцкага раёна прайшлі зборы «Ваенная бяспека і абарона Рэспублікі Беларусь» са старшынямі выканаўчых камітэтаў абласцей (Мінска) і іх намеснікамі, якія курыруюць пытанні тэрытарыяльнай абароны.

Падчас збораў іх удзельнікі азнаёміліся з асноўнымі тэндэнцыямі развіцця ваенна-палітычнага становішча. Яны наведалі выставу, дзе былі прадстаўлены асноўныя сродкі агнявога паражэння, якія стаяць на ўзбраенні ва Узброеных Сілах і тэрытарыяльных войсках, іх магчымасці.

Затым каля вёскі Пратасевічы быў паказаны прыклад нанясення магутнага агнявога ўдару ракетных падраздзяленняў, а на палігоне Асіповіцкі прайшлі практычныя вучэнні па стральбе з мінамётаў і супрацьтанкавых гармат. Як запэўніў начальнік упраўлення тэрытарыяльнай абароны – намеснік начальніка Генеральнага штаба Узброеных Сіл Беларусі Андрэй Пасека, асабовы склад вайскоўцаў запасу, які браў удзел у зборах, упэўнена выканаў пастаўленую задачу, паразіўшы ўсе цэлі праціўніка.

Як адзначыў на тэарэтычных занятках міністр абароны Беларусі Андрэй Раўкоў, кожныя зборы маюць сваю накіраванасць. З 2016 года разгледжаны пытанні фарміравання тэрытарыяльных войскаў, арганізацыі тэрытарыяльнай абароны, аховы абаронных аб’ектаў і ўвядзення ваеннага становішча. Падчас папярэдніх збораў, якія прайшлі ў Брэсцкай вобласці, быў вывучаны парадак баявога прымянення ваенных часцей і Узброеных Сіл сумесна з падраздзяленнямі тэрытарыяльных войскаў, акцэнт быў зроблены на абароне населеных пунктаў. На сённяшніх зборах асноўная ўвага надаецца агнявому паражэнню праціўніка. «Як паказваюць ваенныя канфлікты апошніх гадоў, гэта з’яўляецца важным фактарам для дасягнення мэтаў любога супрацьстаяння», – падкрэсліў Андрэй Раўкоў.

Паводле слоў старшыні Магілёўскага аблвыканкама Уладзіміра Даманеўскага, гэтыя зборы былі карысныя і павучальныя. «Мы бачым, наколькі сёння важна займацца пытаннямі тэрытарыяльнай абароны, якое ўзбраенне прыходзіць, якія ўмовы па арганізацыі кіравання фарміраваннямі тэрытарыяльных войскаў, – адзначыў губернатар. – Для мяне асабіста было цікава не толькі атрымаць новыя тэарэтычныя веды, але і замацаваць іх на практыцы. У нас была магчымасць пастраляць з артылерыйскіх гармат. Пажадана, каб гэта не спатрэбілася ў жыцці, але гэта трэба ведаць любому мужчыну, абаронцу Айчыны».

У канцы збораў былі падведзены вынікі дзейнасці мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў па ўдасканаленні тэрытарыяльнай абароны абласцей (Мінска) у 2018 годзе. Зборы прайшлі ў адпаведнасці з планам падрыхтоўкі Узброеных Сіл па прызначэнні ў 2018/2019 навучальным годзе. Іх асноўная мэта – павышэнне ўзроўню індывідуальнай падрыхтоўкі кіруючага складу абласных і Мінскага гарадскога выканаўчых камітэтаў па пытаннях ваеннай бяспекі і абароны дзяржавы.

БЕЛТА

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая