RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Ініцыятыва ФПБ дазволіць павысіць зарплату шэрагу работнікаў рэальнага сектара

Урад падтрымаў прапанову ФПБ аб прыпыненні дзеяння пастановы Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 31 ліпеня 2014 года № 744 «Аб аплаце працы работнікаў». Адпаведны праект дакумента ўжо падрыхтаваны.

Нагадаем, што згодна з названай пастановай, у дзяржаўных арганізацыях і арганізацыях, у статутным фондзе якіх доля ўласнасці дзяржавы складае больш за 50%, павышэнне заробку дапускаецца толькі пры ўмове суадносін росту прадукцыйнасці працы і заработнай платы больш за 1,0.

– Ідэя, закладзеная ў дакуменце, тэарэтычна правільная: рост заробкаў павінен падмацоўвацца прадукцыйнасцю працы. Але праблема ў тым, што гэты дакумент не ўлічвае шэраг асаблівасцяў працы прадпрыемстваў. Напрыклад сезоннасць, спецыфіку вытворчасці і гэтак далей. Паказчыкі, якія выкарыстоўваюцца для вызначэння прадукцыйнасці працы, не заўсёды аб’ектыўныя. У выніку на шэрагу прадпрыемстваў штучна стрымліваецца рост заробкаў – адзначыла намесніца старшыні Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі Алена Манкевіч. – Асабліва гэтыя супярэчнасці абвастрыліся ў перыяд няпростай эпідэміялагічнай сітуацыі. Многія арганізацыі сутыкнуліся з аб’ектыўнымі фактарамі, якія не дазваляюць выканаць закладзеныя ў пастанове параметры, пры гэтым яны маюць аб’ектыўныя магчымасці для павышэння заработнай платы. У сувязі з гэтым мы звярнуліся ва ўрад з прапановай прыпыніць у перыяд няпростай эпідэміялагічнай сітуацыі дзеянне дакумента.

У адпаведнасці з падрыхтаваным і ўзгодненым зацікаўленымі органамі праектам змены пастановы, прапануецца прыпыніць яго дзеянне да 31 сакавіка 2021 года. Гэта дасць магчымасць наймальнікам самастойна прымаць рашэнне аб павышэнні ўзроўню аплаты працы ўсіх або асобных работнікаў з мэтай забеспячэння іх матывацыі да выніковай працы.

Прэс-служба Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая