Рус Бел Eng 中文

Каля 7 тыс. падарункаў і 35 тыс. т кандытарскіх вырабаў плануе рэалізаваць гандлёвая сетка Магілёўскай вобласці напярэдадні Новага года і Калядаў

Каля 7 тыс. падарункаў і 35 тыс. т кандытарскіх вырабаў плануе рэалізаваць гандлёвая сетка Магілёўскай вобласці напярэдадні Новага года і Калядаў. Як паведаміла начальнік аддзела спажывецкага рынку і грамадскага харчавання галоўнага ўпраўлення гандлю і паслуг аблвыканкама Валянціна Скалуба, прыкладна такія ж аб’ёмы нарыхтоўваліся і летась.

Падарункавыя наборы і кандытарскія вырабы рознай расфасоўкі і ў святочным афармленні ад беларускіх вытворцаў. Іх кошт у дыяпазоне ад Br6 да Br65. Акрамя гэтага, прадпрыемствы-вытворцы рэалізуюць фірменную навагоднюю ўпакоўку. Кожны пакупнік можа па сваім жаданні і густу сфарміраваць падарунак.

Таксама гандлёвыя аб’екты вобласці плануюць рэалізаваць каля 300 тыс. бутэлек шампанскага і пеністых вінаў. Таксама ва ўсіх рэгіёнах Магілёўшчыны арганізуюць 130 святочных кірмашоў. Правядуць дзве абласныя акцыі: 24–25 снежня – «Навагодні БУМ», 6–7 студзеня – «Калядны цэнапад». На кірмашах прапануюць насельніцтву ў шырокім асартыменце тавары харчовай і нехарчовай групы, падарункавыя наборы, навагоднія сувеніры, ёлачныя ўпрыгожванні. Паводле слоў Валянціны Скалуба, суправаджаць святочны гандаль будуць творчыя калектывы. У Магілёве для святочных кірмашоў вызначаны 2 пляцоўкі: гэта Камсамольскі сквер і Пячэрскі лесапарк. У Бабруйску кірмашы пройдуць па вул. Сацыялістычнай і каля галоўнай ёлкі на плошчы Леніна.

На Магілёўшчыне ўжо далі старт ёлачным кірмашам. Усяго ў вобласці будзе працаваць больш за 70 пляцовак. З іх 23 – у Магілёве і 11 – у Бабруйску. У абласным цэнтры ёлачныя базары адкрыюцца 23 снежня, у горадзе на Бярэзіне – 20 снежня, у некаторых райцэнтрах – ужо з 17 снежня. Рэалізоўваць навагоднія ёлкі будуць лясгасы вобласці і гандлёвая сетка. Як запэўніла прадстаўнік упраўлення гандлю, кошт лясных і штучных прыгажунь прымальны і залежыць ад іх вышыні.

«Радыё Магілёў»

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая