RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Конкурс кіроўцаў смеццявозаў пройдзе ў Магілёве 11 кастрычніка

Конкурс прафесійнага майстэрства «Магілёўскі майстар» сярод кіроўцаў смеццявозаў пройдзе ў Магілёве 11 кастрычніка. Ён збярэ работнікаў прадпрыемстваў жыллёва-камунальнай гаспадаркі з усяго рэгіёна. Спаборніцтвы адбудуцца трэцім разам і будуць прымеркаваны да Года малой радзімы, адзначылі арганізатары конкурсу – Магілёўскі абласны камітэт прафсаюза работнікаў мясцовай прамысловасці і камунальна-бытавых прадпрыемстваў.

«На сёння заяўкі на ўдзел у конкурсе падалі 22 кіроўцы, – адзначылі ў абкаме галіновага прафсаюза. – Самаму маладому канкурсанту – 27 гадоў, самаму ўзроставаму – 60. Многія вадзіцелі прыязджаюць на конкурс ужо не першы раз, сярод іх ёсць і пераможцы мінулых гадоў. Так, яшчэ раз выпрабаваць свае сілы ў спаборніцтвах прафмайстэрства вырашыў Мікалай Аўсяевіч з Круглянскага УКП «Жылкамгас», уладальнік дыплома І ступені. Таксама ў ліку ўдзельнікаў сярэбраны і бронзавы прызёры спаборніцтваў – Аляксей Калубай з Клічаўскага УКП «Жылкамгас» і Уладзімір Казлоў з Бялыніцкага УКП «Жылкамгас».

На шляху да перамогі канкурсантам трэба будзе прадэманстраваць веданне правілаў дарожнага руху, прылады і тэхнічнага абслугоўвання аўтамабіляў, а таксама навыкі кіравання аўтамабілем-смеццявозам. Абавязковай умовай для іх стане адсутнасць парушэнняў працоўнай і вытворчай дысцыпліны. Акрамя таго, за апошнія 12 месяцаў з іх удзелам не павінна быць зарэгістравана ніводнага ДТЗ.

Праверка навыкаў кіравання будзе складацца з праходжання некалькіх элементаў: «габарытная змейка», рух па габарытным тунэлі, пастаноўка аўтамабіля заднім ходам у бокс, пад’езд з аднаго тармажэння да «планкі» да яе дотыку пярэднім бамперам, дыяганальная паркоўка, выкананне пагрузкі кантэйнера.

Асабістыя вынікі ўдзельнікаў спаборніцтваў вызначаць па найменшай суме набраных ва ўсіх конкурсах балаў. Канкурсантаў ўзнагародзяць дыпломамі, грашовымі прэміямі і каштоўнымі падарункамі. Акрамя таго, кіраўнікам арганізацый, работнікі якіх стануць пераможцамі спаборніцтваў, будзе рэкамендавана ўстанавіць надбаўкі да тарыфных акладаў за прафесійнае майстэрства ў наступных памерах: за 1 месца – 15 %, за 2 месца – 10 %, за 3-е – 5 %.

Спаборніцтвы пройдуць на базе абласнога ДТСААФ (аўтадром па вул. Сіманава, 11. Урачыстае адкрыццё – 10.00.

 

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая