RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Магілёўская вобласць далучыцца да рэспубліканскай акцыі «Адзіны дзень бяспекі»

Магілёўская вобласць далучыцца да рэспубліканскай акцыі «Адзіны дзень бяспекі», якая пройдзе з 1 па 10 верасня. У гэтыя дні адбудуцца прафілактычныя мерапрыемствы па папярэджанні надзвычайных сітуацый, правапарушэнняў і злачынстваў, а таксама навучанне паводзінам ва ўмовах пажараў, аварый, аказанню першай медыцынскай дапамогі.

У перыяд правядзення акцыі пройдуць вучэнні і трэніроўкі па рэагаванні на надзвычайныя сітуацыі прыроднага і тэхнагеннага характару на выбуха-, пажара-, хімічна небяспечных аб’ектах, аб’ектах з масавым знаходжаннем людзей. Запланаваны праверкі сістэмы апавяшчэння, у тым ліку праз SMS, трансляцыя паведамленняў ад МНС у тэлевізійным і радыёэфіры. Розныя ўстановы адпрацуюць бяспечнае правядзенне эвакуацыі з будынкаў.

У межах «Адзінага дня бяспекі» будуць арганізаваны тэматычныя квэсты, інтэлектуальныя гульні, навучальныя пляцоўкі, пройдуць конкурсы на самую лепшую творчую працу, прысвечаную пытанням бяспечнай жыццядзейнасці, тэматычныя канцэртныя праграмы і тэатралізаваныя паказы. Структурныя падраздзяленні розных ведамстваў правядуць дні адчыненых дзвярэй.

Акрамя органаў дзяржаўнага кіравання (Генпракуратура, МНС, МУС, Мінэнерга, Міністэрства аховы здароўя, Мінадукацыі, Мінпрацы і сацабароны, Мінжылкамгас, Мінкультуры) і мясцовых органаў улады, удзел у акцыі прымуць розныя арганізацыі і грамадскія аб’яднанні: Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі, РДГА «Беларускае добраахвотнае пажарнае таварыства», Беларускае таварыства Чырвонага Крыжа, РДГА «АСВОД», РГА «Белая Русь» і ГА «БРСМ».

Задачы «Адзінага дня бяспекі» – фарміраванне сумеснымі намаганнямі ў грамадстве культуры бяспекі жыццядзейнасці, правядзенне адукацыйна-выхаваўчай работы з падрастаючым пакаленнем.

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая