RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Магілёўскі абласны драмтэатр сумесна з піцерскімі рэжысёрамі рыхтуе прэм’еру спектакля «Тры прыгажуні»

Магілёўскі абласны драматычны тэатр сумесна з піцерскімі рэжысёрамі рыхтуе новы спектакль «Тры прыгажуні». Прэм’ерныя паказы запланаваны на 16, 17, 22 і 23 лютага, паведамілі карэспандэнту сайта ва ўстанове культуры.

Камедыю ў двух дзеяннях ставяць па аднайменнай п’есе сучаснага расійскага драматурга Валянціна Краснагорава. Яе сюжэт пабудаваны на гісторыі трох адзінокіх жанчын – медсястры Ларысы, актрысы Маі і настаўніцы Іны, якія сябруюць ужо больш за 40 гадоў. Сабраўшыся ў чарговы раз разам за «кубачкам кавы са плёткамі», яны вырашаюць змяніць свой лёс і знайсці спадарожнікаў жыцця… 

Над спектаклем на нашай сцэне працуе вядомы рэжысёр з Санкт-Пецярбурга, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Расіі, прэміі «Залаты сафіт», вучань Георгія Таўстаногава, пастаноўшчык яркіх спектакляў у тэатрах найбуйнейшых гарадоў Расіі і за мяжой Генадзь Трасцянецкі. Памочнікам выступае яго вучаніца Каміля Хусаінава. Апошняе імя ўжо добра знаёма Магілёўскаму гледачу. У 2018 годзе студэнтка Расійскага дзяржаўнага інстытута сцэнічных мастацтваў прыняла ўдзел у тэатральным форуме «М.@rt.кантакт» са сваёй работай «Андрэй Платонаў. Карова». У межах майстэрні маладой рэжысуры форуму разам з магілёўскімі акцёрамі яна таксама падрыхтавала эскіз спектакля па матывах апавядання Васіля Быкава «Жоўты пясочак», які вырас у спектакль і ўвайшоў у праграму форуму «М.@rt.кантакт-2019».

«Звычайна строгі да ўсіх пастановак па сваіх п’есах (ідуць яны ў Іране, Амерыцы, Румыніі, у Сербіі, Харватыі, Кіргізіі, Казахстане, Індыі), Валянцін Краснагораў дазволіў Генадзю Трасцянецкаму свабодна абыходзіацца з яго «Трыма прыгажунямі» і папрасіў зрабіць лёгкі спектакль, – адзначылі суразмоўцы. – Рэжысёр вырашыў зрабіць паветраную пастаноўку, дадаўшы ў яе «агеньчыка» і жывой музыкі ў выкананні тэатральнага ансамбля «Экспромт-класіка».

У прэм’еры 16 лютага будуць удзельнічаць актрысы Магілёўскага абласнога драмтэатра Галіна Лабанок, Наталля Калакустава, Алена Крыванос. У спектаклі таксама заняты Аляксандр Мацюшка, Марыя Рудакова, Андрэй Корзан, Юлія Ладзік, Часлаў Вількін, Аляксандра Афанасьева.

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая