RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Магілёўскі раён, шэраг кампаній і ўстаноў рэгіёна будуць занесены на Рэспубліканскую дошку Гонару

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ №136 «Аб занясенні на Рэспубліканскую дошку Гонару пераможцаў спаборніцтва за 2019 год». Сярод тых, хто ўдастоены прызнання, Магілёўскі раён, шэраг кампаній і ўстаноў нашага рэгіёна.

Так, у ліку раёнаў краіны, якія дасягнулі найлепшых вынікаў у выкананні асноўных паказчыкаў сацыяльна-эканамічнага развіцця, – Магілёўскі. Сярод арганізацый, якія ажыццяўляюць дзейнасць у будаўніцтве, адзначана Касцюковіцкая перасоўная механізаваная калона № 260. У адным шэрагу з найлепшымі арганізацыямі адукацыі – Магілёўскі дзяржаўны абласны ліцэй № 3. Заслужана прызнана пераможцай спаборніцтва Магілёўская гарадская бальніца хуткай медыцынскай дапамогі. Магілёўскі дзяржаўны ўніверсітэт імя А. А. Куляшова – у ліку найлепшых навуковых арганізацый.

У цэлым да занясення на Рэспубліканскую дошку Гонару вызначаны 62 пераможцы спаборніцтва ў адпаведных намінацыях сярод абласцей і горада Мінска, раёнаў, гарадоў (раёнаў у гарадах), арганізацый усіх формаў уласнасці. У іх ліку 12 адміністрацыйна-тэрытарыяльных адзінак, 10 арганізацый прамысловасці, 3 арганізацыі, якія вядуць дзейнасць у будаўніцтве, 9 арганізацый сельскай і рыбнай гаспадаркі, 2 арганізацыі лясной гаспадаркі, 26 арганізацый сферы паслуг (гандлю, транспарту, адукацыі, культуры, аховы здароўя, сацыяльнага абслугоўвання, навукі і іншых).

Занясенне на Рэспубліканскую дошку Гонару з’яўляецца грамадскім прызнаннем працы грамадзян і калектываў прадпрыемстваў, якія ўнеслі важкі ўклад у сацыяльна-эканамічнае развіццё і дабрабыт краіны.

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая