RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Магілёўскі завод «Строммашына» мае намер больш чым у два разы павялічыць аб’ём вытворчасці

ААТ Магілёўскі завод «Строммашына» у 2019 годзе плануе вырабіць і рэалізаваць прадукцыі больш чым на Вг46 млн, што больш чым у 2 разы перавысіць леташні паказчык. Пра гэта паведаміў кіраўнік прадпрыемства Сяргей Грынкевіч.

Паводле яго слоў, з прыходам у чэрвені мінулага года на прадпрыемства новай каманды кіраўнікоў і менеджараў атрымалася за кароткі перыяд часу цалкам загрузіць вытворчыя магутнасці. «На чэрвень мы мелі 3% загрузкі магутнасцяў, у снежні выйшлі на 100% і бясстратную працу. Усё гэта дзякуючы актыўнай працы з традыцыйнымі партнёрамі і пошукам новых партнёраў і рынкаў збыту, – адзначыў кіраўнік. – На сёння ў нас практычна цалкам сфармаваны партфель заказаў на бягучы год. Мы плануем вырабіць прадукцыі больш чым на Вг46 млн, забяспечыўшы самаакупнасць вытворчасці. Па выніках года чысты прыбытак павінен скласці парадку Вг2,4 млн».

Прадпрыемства актыўна займаецца пашырэннем напрамкаў працы і наменклатуры выпускаемай прадукцыі. Калі ў 2017 годзе цюбінгавы мацунак займаў 86,7% у агульным аб’ёме вытворчасці, то ў мінулым годзе – ужо 58,7%. Расце выпуск тавараў народнага спажывання, абсталявання і запчастак, аказанне розных паслуг. Напрыклад, на гэты год падпісаны буйны кантракт з кампаніяй «Рэчыцанафта» на пастаўку 20 прывадаў штангавых глыбінных помпаў (нафтакачалак), вядуцца перамовы на пастаўку абсталявання, запасных частак для вытворчасці жалезабетонных шпал для кампаніі «ГД «СКС»» (Масква) паводле інвестыцыйнай праграмы расійскіх чыгунак на 72 млн расійскіх рублёў.

«Мы маглі б забяспечыць яшчэ большы партфель заказаў для прадпрыемства, але нас стрымлівае абсталяванне, якое ў значнай ступені ўжо адпрацавала свой тэрмін. Вытворчасці неабходная мадэрнізацыя, – лічыць Сяргей Грынкевіч. – У нас ёсць стратэгія развіцця, якая дапаможа замацаваць дасягнутыя поспехі і далей развівацца прадпрыемству, але для гэтага патрэбна дзяржаўная фінансавая падтрымка». Паводле яго слоў, кропкавая мадэрнізацыя абсталявання дапаможа заводу не толькі выйсці на ўстойлівую працу і падтрымліваць бягучую дзейнасць, але і разлічвацца па старых абавязацельствах, інвеставаць ва ўласнае развіццё.

Магілёўскі завод «Строммашына» – шматпрофільнае машынабудаўнічае прадпрыемства, якое спецыялізуецца на выпуску тэхналагічных ліній і асобнага абсталявання для вытворчасці будаўнічых матэрыялаў, жалезабетонных шпал, вежавых кранаў, нафтаздабывальнага, горна-шахтавага абсталявання, чыгунных цюбінгаў, а таксама тавараў народнага спажывання. Прадпрыемства знаходзіцца ў стадыі санацыі (фінансавага аздараўлення), якая падоўжана да 28 ліпеня 2023 года.

БЕЛТА
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая