RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Магілёўскія бібліятэкі запускаюць з 1 чэрвеня праграму «Кніжнае лета – 2020»

У перыяд школьных канікул з 1 чэрвеня па 31 жніўня бібліятэкі Магілёва запускаюць пазнавальную праграму «Кніжнае лета – 2020». Пра гэта паведамілі ў аддзеле бібліятэчнага маркетынгу Магілёўскай Цэнтральнай гарадской бібліятэкі імя К. Маркса.

«Праграма летніх чытанняў у гэтым годзе пройдзе пад назвай ВІЗА – што азначае весела, інтэлектуальна, займальна, актыўна, – адзначылі суразмоўцы. – Мы падрыхтавалі шэраг цікавых мерапрыемстваў для сваіх юных чытачоў, каб летні адпачынак быў не толькі вясёлым, але і карысным. Спадзяёмся ўбачыць у ліку нашых актыўных удзельнікаў дзяцей, падлеткаў, а таксама творчую і ініцыятыўную моладзь».

Хлопцаў и дзяўчат чакаюць сеткавыя акцыі, конкурсы і квізы, інтэрактыўныя выставы, прамыя эфіры ў акаўнтах сацсетак і многае іншае. Прычым разам з традыцыйнымі мерапрыемствамі і святамі, якія пройдуць ва ўсіх бібліятэках горада, для іх правядуць шэраг анлайн-праектаў.

«Дзяўчынкі і хлопчыкі змогуць пабываць на бібліяTUSOVKЕ ў бібліятэцы-філіяле № 1 імя Я. Коласа, стаць удзельнікамі літаратурных хованак «У доме Пачытайкі» і гульнявых заняткаў «Прыгоды ў краіне фей», якія арганізуе дзіцячая бібліятэка-філіял № 8 і Цэнтральная гарадская бібліятэка імя К. Маркса, – расказалі суразмоўцы. – Разам з дзіцячай бібліятэкай-філіялам № 9 кожны зможа наведаць чайны фуршэт і ажыццявіць эрудыт-круіз вакол свету. Для юных чытачоў будуць традыцыйна працаваць арт-майстэрні, мультсалоны, гульнятэкі, а таксама інтэрактыўныя кніжныя выставы».

Для віртуальных карыстальнікаў у Instagram-акаўнце цэнтральнай гарадской бібліятэкі імя К. Маркса пройдзе цыкл прамых эфіраў крэатыў-праекта «Кніга-2». Падчас трансляцый вядомыя магілёўцы будуць дзяліцца сваімі літаратурнымі перавагамі, расказваць пра любімых аўтараў і кнігі. У блогу ўстановы «Свой кніжны» інтэрнэт-карыстальнікі змогуць паслухаць літаратурнае анлайн-радыё, пазнаёміцца з кніжнымі рэкамендацыямі ад спецыялістаў у раздзеле «Кніжны самелье». Серыя прамых эфіраў і сеткавых акцый пройдзе для дзяцей усіх узростаў.

Аматараў анімацыі на сайце бібліятэкі імя К. Маркса чакае сапраўдная мультыплікацыйная студыя «Летняя фабрыка мар», дзе можна не толькі паглядзець цудоўныя мультфільмы, але і прачытаць кнігі. «Бо па матывах вядомых мультфільмаў часта выпускаюць дзіцячыя кнігі і, наадварот, у аснове сюжэтаў многіх анімацыйных фільмаў ляжаць кніжныя першакрыніцы», – падкрэслілі ў гарадской бібліятэцы.

БЕЛТА

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая