II рэгіянальны фестываль народных промыслаў і рамёстваў «Рамесная майстэрня» пройдзе 24 жніўня ў Краснаполлі. Пра гэта паведаміла начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Алена Раманенка.
«Творчы форум вырас з праекта «Садзейнічанне развіццю на мясцовым узроўні ў Рэспубліцы Беларусь», – удакладніла суразмоўца. – Ідэя энтузіястаў пра адраджэнне ганчарства ў раёне знайшла падтрымку мясцовых уладаў і пры садзейнічанні ПРААН была ўвасоблена ў жыццё. Першапачаткова планавалася, што стварэнне майстэрні дазволіць навучыць усіх ахвотных, у тым ліку і людзей з абмежаванымі магчымасцямі, асновам ганчарнай справы, навыкам для самастойнай працы, дасць магчымасць дадатковага заробку. На выдзеленыя на рэалізацыю ініцыятывы «Ганчарства для пазнавальнасці Краснапольскага раёна» сродкі было адрамантавана памяшканне, набыты ганчарныя кругі і печкі для абпалу вырабаў».
Майстэрня адкрылася ў 2017 годзе, а сёння ўжо многія атрымалі неабходны мінімум ведаў і навыкаў для далейшай самастойнай працы, зарэгістраваліся рамеснікамі. А яшчэ аказалася, што дзеці з вялікім задавальненнем наведваюць майстар-класы па ганчарнай справе. «У межах праекта таксама адбылося свята-конкурс майстроў ганчарства «Рамесная майстэрня», якое прайшло з такім вялікім поспехам, што яго вырашылі праводзіць штогод, – адзначыла Алена Раманенка. – Праўда, не сталі абмяжоўвацца толькі адным кірункам. Наадварот, пастараліся паказаць і прыцягнуць увагу жыхароў Магілёўшчыны як да старадаўніх рамёстваў, так і наваробаў».
У гэтым годзе жыхароў і гасцей раённага цэнтра чакае вялікі кірмаш, які размесціцца ў гарадскім скверы. Тэрыторыя свята будзе разбіта на некалькі пляцовак па напрамках: ганчарства, лаза, саломка, мастацкі роспіс, пляценне з папяровай лазы, батык, скура і інш. Запрошаны ўмельцы з Краснаполля, Касцюковіч, Клімавіч, Чэрыкава, Дрыбіна, Слаўгарада і Быхава. Яны прадставяць народныя мастацкія рамёствы і сучасныя віды дэкаратыўна-прыкладной творчасці, правядуць майстар-класы. Свае вырабы прадэманструюць і жыхары Краснапольшчыны, якія займаюцца творчасцю ў межах самазанятасці.
Праграмай фестывалю запланаваны канцэрт і практычная канферэнцыя для майстроў народных мастацкіх рамёстваў. Завершыцца форум круглым сталом на тэму «Творчае ўзаемадзеянне рамеснікаў з мэтай пашырэння магчымасцей для самазанятасці насельніцтва сельскіх раёнаў Магілёўскай вобласці».
Заснавальнікам фестывалю выступае аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Краснапольскага раёна, арганізатарамі – ГУК «Цэнтралізаваная клубная сістэма Краснапольскага раёна», раённы Дом рамёстваў.
Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая
23.04.2025 - 14:33
Магілёў рыхтуецца да святкавання 80-годдзя Вялікай Перамогі (відэа)
23.04.2025 - 10:42
Магілёўскі абласны тэатр лялек запрашае на захапляльную экскурсію
21.04.2025 - 09:40
Гастролі, сумесныя пастаноўкі. Магілёўскі і Уладзімірскі тэатры дамовіліся аб супрацоўніцтве
18.04.2025 - 11:19
Праўда пра генацыд: фільмы «Лагеры смерці» і «Спаленыя вёскі» ў кінатэатры «Радзіма»
17.04.2025 - 12:44
Вясновая карусель спектакляў. Арлоўскі тэатр лялек на Магілёўскай сцэне