RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Мінсельгасхарч павіншаваў выхаванцаў Бабруйскага дзіцячага дома з навагоднімі святамі

Намеснік міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Ігар Брыло ў межах рэспубліканскай дабрачыннай акцыі «Нашы дзеці» наведаў сёння ДУА «Дзіцячы дом г. Бабруйска», – паведамілі ў прэс-службе ведамства.

Традыцыйна напярэдадні навагодніх і калядных святаў Мінсельгасхарч прымае ўдзел у гэтай дабрачыннай акцыі, не стаў выключэннем і гэты год. «Вось ужо на працягу васьмі гадоў напярэдадні навагодніх святаў мы прыязджаем у Бабруйскі дзіцячы дом, каб пагутарыць, падарыць цяпло і клопат гэтым асаблівым дзецям, якім так не хапае душэўнага цяпла і сямейнай утульнасці. Вельмі важна дапамагчы ім вырасці добрымі людзьмі. Спадзяюся, што і сёння мы змаглі парадаваць хлопцаў і дзяўчат і дапамагчы ім паверыць у навагодняе чараўніцтва. Хацелася б пажадаць дзецям моцнага здароўя, поспехаў у вучобе, але перш за ўсё, каб усе яны здабылі сапраўдную сям’ю», – адзначыў Ігар Брыло.

У Бабруйскім дзіцячым доме знаходзіцца 44 падапечныя з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця ва ўзросце ад 3 да 18 гадоў. Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання ўзяло шэфства над установай у 2012 годзе і з таго часу віншаванне яго выхаванцаў з Новым годам і Калядамі стала добрай традыцыяй. У гэтым годзе сумесна з падведамнымі арганізацыямі – РУВП «Магілёўхлебпрам», філіял «Бабруйскі хлебазавод», ААТ «Бабруйскі камбінат хлебапрадуктаў», ААТ «Бабруйскі мясакамбінат» – дзецям падарылі салодкія падарункі, садавіну і неабходную бытавую тэхніку.

Навагодняя дабрачынная акцыя «Нашы дзеці» праходзіць у Беларусі з 10 снежня па 10 студзеня. Штогод кіраўнікі міністэрстваў і іншых органаў дзяржкіравання, мясцовых органаў улады, прадстаўнікі грамадскіх арганізацый наведваюць дзіцячыя інтэрнаты і дамы сямейнага тыпу, апякунскія і прыёмныя сем’і, сем’і, якія выхоўваюць дзяцей-інвалідаў, цэнтры карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі, бальніцы. Падчас акцыі яны віншуюць дзяцей з Новым годам і Калядамі, уручаюць падарункі, дапамагаюць у вырашэнні праблем.

БЕЛТА

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая