Рус Бел Eng 中文

Музеі Магілёўскай вобласці адзначаны дыпломамі на Нацыянальным форуме «Музеі Беларусі»

IV Нацыянальны форум «Музеі Беларусі» прайшоў у Брэсце 4-6 кастрычніка і аб’яднаў больш за 120 удзельнікаў – музеяў рознага профілю, галерэяў, турыстычных і дызайнерскіх фірм, вытворцаў музейнага, выставачнага і электроннага абсталявання. З 25 музеяў Магілёўскай вобласці ў мерапрыемстве прымала ўдзел 18 музейных устаноў, паведамілі ва ўпраўленні культуры аблвыканкама.

Падчас форума праводзіўся конкурс прафесійнага майстэрства па некалькіх намінацыях. Магілёўскі абласны краязнаўчы музей імя Е. Р. Раманава быў удастоены дыплома II ступені ў катэгорыі «За найлепшую культурна-адукацыйную праграму» і III ступені – «За найлепшы экспазіцыйна-выставачны праект». Акрамя таго, музей гісторыі Магілёва атрымаў дыплом III ступені ў намінацыі «За найлепшае прадстаўленне музея на экспазіцыі форума», а Клічаўскі краязнаўчы музей узнагароджаны спецыяльным прызам «За навацыі ў музейнай дзейнасці».

Форум, пазначаны тэмай «Музей: навука, інавацыі, камунікацыя», праходзіў на пляцоўцы ДУ «Брэсцкая абласная спецыялізаваная дзіцяча-юнацкая школа алімпійскага рэзерву». Удзельнікі мерапрыемства прэзентавалі свае калекцыі, новыя культурна-адукацыйныя і экспазіцыйна-выставачныя праекты, дэманстравалі актуальныя формы працы з наведвальнікамі і прымяненне сучасных тэхналогій. Дзелавая праграма ўключала канферэнцыі, семінары, трэнінгі, круглыя сталы, дзе спецыялісты абмяркоўвалі актуальныя пытанні і новыя падыходы ў музейнай справе, дамаўляліся аб сумесных праектах. Сваё бачанне развіцця музейнай справы прадставілі эксперты з Арменіі, Кітая, Латвіі, Расіі, Украіны.

Журы форума ўзначалілі старшыня навуковага кансультатыўнага савета Музея Судэцкага нямецкага архіва ў Мюнхене Ханс-Марцін Хінц і старшыня Пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры і навуцы Палаты прадстаўнікоў доктар гістарычных навук, прафесар Ігар Марзалюк.

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая