Рус Бел Eng 中文

Мясцовая ўлада павінна ўлічваць нават дробныя праблемы людзей – Максім Рыжанкоў

Мясцовая ўлада павінна ўлічваць нават дробныя праблемы людзей. Такое меркаванне выказаў першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Максім Рыжанкоўсёння на выязным прыёме грамадзян у Глуску.

На прыём да першага намесніка кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта запісалася 26 грамадзян. Сярод іх не толькі жыхары Глускага раёна, з пытаннямі прыехалі з Гомеля і Бабруйска. Сямейная пара з Гомеля звярнулася з нагоды розначытанняў тэхнічных дакументаў на домаўладанне. У 1991 годзе яны зрабілі жылую прыбудову да дома, раённая адміністрацыя прыняла рашэнне зарэгістраваць траціну прыбудовы за імі, дзве траціны – за суседам. Больш за 10 гадоў вырашалі пытанне ў судзе. Калі яновырашылася, паўстала іншае –неабходнасць вызначыць парадак карыстання ўчасткам, каб абслугоўваць прыбудову. З прычыны памылак спецыялістаў сям’я атрымала два розныя дакументы на домаўладанне. Суд не прымае такую дакументацыю, у выніку сям’я не можа вырашыць пытанне доступу да сцяны дома, не можа яго абслугоўваць і рамантаваць.

На думку Максіма Рыжанкова, мясцовыя органы ўлады павінны самастойна рэгуляваць такія пытанні і не ствараць праблемы насельніцтву. «Гэта непрафесіяналізм канкрэтнага спецыяліста, – лічыць ён. – У многіх супрацоўнікаў не заўсёды ёсць разуменне, што невялікая праблема мае значэнне для грамадзян. А мясцовая ўлада павінна жыць нават дробнымі патрэбамі людзей, бо часам з маленькіх пытанняў узнікае вялікая праблема. Людзі становяцца закладнікамі сітуацый. Я не лічу гэтую праблему малой і ўпэўнены, што мы яе ў найбліжэйшы час вырашым».

Жыхарка Бабруйска паскардзілася, што была несправядліва звольненая. Паводле яе слоў, яна добрасумленна працавала бухгалтарам на адным з прадпрыемстваў горада, займалася разлікам сабекошту прадукцыі. Выявіла парушэнні ў падліках, звярнулася з пытаннямі да кіраўніцтва і была звольнена. У 2001 годзе яна была вымушана пакінуць завод з запісам у працоўнай«за сістэматычнае невыкананне ўказанняў кіраўніцтва». З таго часу дамагаецца справядлівасці. Першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі абяцаў разабрацца. «Дэталяў я не ведаю. Справа цяжкая, падзея адбылася 18 гадоў таму, і сёння аднавіць усе грунтоўна складана. Аднак, я думаю, чалавек вінаваты не стаў бы так доўга дамагацца справядлівасці. Пакуль нічога сказаць не магу, але вывучу пытанне», – запэўніў ён.

Пенсіянер з вёскі Балашэвічы Глускага раёна папрасіў, каб рэйсавы аўтобус пад’язджаў бліжэй да яго дома. На дадзены момант прыпынак транспарту знаходзіцца за 800 м ад дома заяўніка. Максім Рыжанкоў падкрэсліў, што ён разумее чаканні мужчыны і папросіць прадстаўніка райвыканкама паглядзець, што можна зрабіць. Аднак «трэба зыходзіць з магчымасцей: на кожную вуліцу пад кожны дом аўтобус не пусціш».

Таксама на прыёме грамадзян падымаліся зямельныя пытанні, заяўнікі звярталіся наконт прызначэння льготнай пенсіі, выкупу жылля ў прыватную ўласнасць, рамонту жылога дома, падзелу маёмасці, працаўладкавання.

Максім Рыжанкоў падзяліўся з журналістаміўражаннем ад прыёму. Ён распавёў, што пытанні разнапланавыя, вялікі пласт тычыцца судовых рашэнняў, пракурорскіх наглядаў, працы праваахоўных органаў. «Для некаторых заяўнікаў праблемы цягнуцца з-за таго, што хтосьці няправільна вызначыў межы дома, дзесьці не было вырашана пытанне межаў участкаў, дзесьці не так палічылі кошт рамонтных работ. У канчатковым выніку мясцовая ўлада стварыла праблему, якая ператварылася для канкрэтных грамадзян з дробнай у сур’ёзную, таму што прывяла да канфлікту з суседзямі або інстанцыямі. Цяпер, калі грамадзянін застаўся сам-насам з пытаннем, мясцовая ўлада адыходзіць ад адказу, маўляў «гэта не мы стваралі, таго чалавека няма, яго звольнілі, мы ўсё пралічылі, далі вымову, а сёння нават не ведаем, як табе дапамагчы». Заяўнік ходзіць па замкнёным коле і не разумее, як яму быць. Я ж прыхільнік таго, што калі мясцовая вертыкаль і дапусціла праблему, калі б гэта ні было, то трэба разбіцца ў аладку, але аднавіць парушаныя або няправільна аформленыя правы чалавека», – заявіў ён.

У той жа час першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта адзначыў яшчэ адну тэндэнцыю прыёмаў грамадзян. Справа ў тым, што часта прыходзяць тыя, хто да гэтага не звяртаўся ў мясцовыя органы ўлады са сваёй праблемай. Але гэта няправільна, бо кіраўнікі на месцах сапраўды здольныя паглыбіцца ў праблемы людзей і вырашыць іх.

Ён дадаў, што ўсе звароты, якія паступілі Прэзідэнту або ў адпаведныя органы ўлады і кіравання да «Вялікай размовы», падчас і пасля, знаходзяцца на кантролі Адміністрацыі Прэзідэнта. «Даручэнне Кіраўніка Адміністрацыі – без цяганіны, максімальна глыбока ўсе пытанні разгледзець і паведаміць аб выніках заяўнікам. Дарэчы, многія грамадзяне імкнуліся прыняць удзел у развіцці дзяржавы, прапаноўваючы тыя ці іншыя рашэнні па эканамічным, сацыяльным, рэгіянальным развіцці краіны, сустракалася шмат добрых ідэй», – падкрэсліў Максім Рыжанкоў.

БЕЛТА

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая