RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Андрэй Кунцэвіч сустрэўся з членамі каардынацыйнага савета Магілёва і Магілёўскай вобласці

Намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Андрэй Кунцэвіч сёння сустрэўся з членамі каардынацыйнага савета Магілёва і Магілёўскай вобласці. Дыялог з кіраўнікамі грамадскіх арганізацый рэгіёна адбыўся ў Доме друку.

Андрэй Кунцэвіч звярнуў увагу, што ў апошнія тыдні кіраўнік дзяржавы актыўна праводзіць сустрэчы не толькі з прадстаўнікамі дзяржапарату, але і грамадскасцю. У гутарках шчыра гаворыцца аб тым, які шлях прайшла наша краіна за апошнія 25 гадоў.

«Гэта працяглы тэрмін, і Прэзідэнт разумее, што краіне патрэбны змены, – адзначыў намеснік кіраўніка Адміністрацыі. – Як кіраўнік, ён не супраць гэтых змен, але не праз хаос, а далейшы паступальны рух і развіццё краіны». І ў якасці апорнай пазіцыі тут абрана праца над новай рэдакцыяй Канстытуцыі.

Тэма некалькіх пандэмій, –заўважыў Андрэй Кунцэвіч, –ужо не раз агучвалася на сустрэчах розных узроўняў. Наша дзяржава, акрамя каранавіруса, з якім сутыкнуліся ўсе краіны свету, адчувае выклікі палітычнай, інфармацыйнай і эканамічнай пандэмій.«Так, Беларусь пайшла сваім шляхам – савецкім, класічным, кропкавай барацьбы з інфекцыяй, – канстатаваў намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта. – Мы не ўводзілі ўсеагульны каранцін, як многія краіны. І сёння бачым, што наступствам мер поўнай ізаляцыі стала вялікая колькасць беспрацоўных. Пры гэтым узровень захворвання не нашмат ніжэйшы, чым у нас. Здаецца, што лёгка спыніць прадпрыемствы, пакінуць людзей дома, але на самай справе запусціць гэты механізм пасля надзвычай складана. Заняць тыя нішы, якія губляюцца ва ўмовах сусветнай канкурэнцыі, практычна нерэальна».

Сёння ў няпростых умовах супрацьстаяння дзяржаў Беларусь імкнецца знайсці сваё месца на карце свету, падкрэсліў Андрэй Кунцэвіч. «Мы не хочам варагаваць з Расіяй, імкнёмся да выбудоўвання добрасуседскіх кантактаў, пры гэтым наладжваем адносіны з Еўропай. І гэты баланс няпросты. Пакуль нам удаецца яго вытрымліваць», – канстатаваў ён.

Намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта яшчэ раз звярнуў увагу: рэформы ў Беларусі, безумоўна, патрэбныя, але яны павінны быць спакойным удасканаленнем таго, што зроблена за папярэднія гады. У якасці апорных пунктаў для далейшага развіцця краіны – сельская гаспадарка, прамысловыя флагманы з захаваннем працоўных калектываў і пашырэннем ніш, заваяваных раней, IT-тэхналогіі. «Зразумела, ёсць праблемы, але ламаць тое, што ўжо зроблена, з майго пункту гледжання, няправільна», – сказаў Андрэй Кунцэвіч.

Зараз ідзе актыўная падрыхтоўчая праца над пасланнем Прэзідэнта беларускаму народу і Нацыянальнаму сходу, паведаміў ён. Як правіла, агучванне праходзіла ў сакавіку-красавіку. Але, зыходзячы з агульнасусветнай сітуацыі, звязанай з пандэміяй, было складана намацаць і спрагназаваць, як далей выбудоўваць развіццё краіны. «Цяпер, калі многія пытанні ўлягліся, ужо больш зразумела, якія трэнды праглядаюцца ў сусветнай эканоміцы, можна выходзіць з чымсьці канкрэтным да людзей, а не з пустой размовай дзеля галачкі», – падкрэсліў намеснік кіраўніка Адміністрацыі.

Візіты Прэзідэнта ў рэгіёны, праца яго ініцыятыўных груп дазволіла сакумуляваць шэраг праблем, якія хвалююць грамадзян краіны. Многія з іх будуць адлюстраваны ў пасланні. Частка легла ў аснову распараджэння «Аб дадатковых мерах па рашэнні актуальных пытанняў жыццядзейнасці насельніцтва»– комплексу мер па рашэнні найбольш актуальных пытанняў насельніцтва, якія былі атрыманы падчас збору подпісаў. У прыватнасці, у Магілёўскай вобласці іх было пяць,і ўсе звязаны з будаўніцтвам і развіццём інфраструктуры: транспартнай, сацыяльнай, турыстычнай. Так, жыхары рэгіёна высказаліся за неабходнасць правядзення рамонтна-рэстаўрацыйных работ палацава-паркавага ансамбля ў вёсцы Жылічы Кіраўскага раёна, будаўніцтва радыелагічнага корпуса № 3 у Магілёўскім абласным анкалагічным дыспансеры, інфекцыйнага корпуса ў Магілёўскай бальніцы № 1, школы з басейнам і дзіцячым садам з басейнам у мікрараёне № 7 Бабруйска, завяршэнне работ па ўзвядзенні дарогі «Паўднёва-заходні абыход Магілёва».

Андрэй Кунцэвіч звярнуў увагу, што ўсе наказы насельніцтва Магілёўскай вобласці, якія гучалі на сустрэчах падчас папярэдняй выбарчай кампаніі, за пяцігодку былі выкананыя. Завяршэннем стане адкрыццё пасля рэканструкцыі дзіцячай бальніцы ў Бабруйску.

Падчас сустрэчы кіраўнікі грамадскіх арганізацый змаглі абмеркаваць з намеснікам кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта хвалюючыя пытанні, а іх было нямала. Удзельнікаў дыялогу турбаваў лёс культурна-гістарычных аб’ектаў рэгіёна, якія маюць патрэбу ў рамонтных і рэстаўрацыйных працах. Абмяркоўвалася неабходнасць удасканалення працы тэлеканалаў і друкаваных СМІ, накіраванай на захаванне памяці аб Вялікай Айчыннай вайне, на выяўленне існуючых у гарадах і раёнах праблем. Таксама агучваліся тэмы папулярызацыі беларускай мовы, неабходнасці ўзмацнення экскурсійнай працы па месцах малой радзімы.

Падчас рабочага візіту ў Магілёў Андрэй Кунцэвіч сустрэўся з працоўным калектывам РУП «Магілёўская ўзбуйненая друкарня імя С. Собаля», а таксама пагутарыў з прадстаўнікамі сродкаў масавай інфармацыі.

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая