RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Назіральнікі ад місіі СНД манітораць гатоўнасць участкаў для галасавання Магілёўскай вобласці да выбараў Прэзідэнта Беларусі

Да прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі застаецца менш за два тыдні. Зараз ідзе перыяд агітацыі. Кіраўніка дзяржавы выберуць 9 жніўня.

Да працы ў рэгіёнах ужо прыступілі прадстаўнікі Місіі назіральнікаў ад Садружнасці Незалежных Дзяржаў. Яны вывучаюць гатоўнасць участкаў для галасавання, будуць сачыць за сітуацыяй у перыяд датэрміновага галасавання і ў асноўны дзень выбараў.

Сёння ў Магілёўскай вобласці працуюць два міжнародныя назіральнікі ад СНД – Алена Шамаль і Віталь Бусько. На працягу дня яны наведаюць участкі для галасавання ў Магілёве, Магілёўскім раёне, Круглым, Бялынічах, Чавусах, Чэрыкаве, Крычаве.

«Наша задача – не кантроль. На гэты момант заўвагі будуць насіць чыста рэкамендацыйны характар, – растлумачыў Віталь Бусько. – Мы настроеныя на тое, каб аб’ектыўна, праўдзіва паказаць і сабе, і свету, што ўсё робіцца ў адпаведнасці з законам, а не па нейкіх паняццях і ўказаннях».

Назіральнікі ад СНД азнаёмяцца з тым, як сфарміраваны ўчастковыя камісіі, ацэняць аснашчанасць выбарчых участкаў, у тым ліку інфармацыйнымі матэрыяламі. «На гэтым этапе для нас важная знешняя атрыбутыка – стан кабін для галасавання, скрыняў, забяспечанасць участкаў нагляднай агітацыяй, заканадаўчымі актамі, метадычнымі рэкамендацыямі, інструкцыямі, адпаведным абсталяваннем, – адзначыў Віталь Бусько. – Улічваючы эпідэміялагічную сітуацыю, будзем звяртаць увагу на магчымасць арганізацыі размежавання патоку выбаршчыкаў, забяспечанасць ахоўнымі сродкамі – антысептыкамі, маскамі і пальчаткамі».

Асноўная група назіральнікаў ад СНД прыбудзе ў Беларусь за два-тры дні да выбараў. 9 жніўня яны будуць прысутнічаць на выбарчых участках з моманту іх адкрыцця і да завяршэння падліку галасоў. Свае высновы і ацэнкі місія выкладзе 10 жніўня.

Як паведамілі ў Магілёўскай абласной камісіі па выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, на гэты момант ва ўсіх выбарчых камісіях рэгіёна акрэдытаваны 5 271 назіральнік. Асаблівую цікавасць да працы камісій праявілі прадстаўнікі Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі(1067 чалавек), Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі (753), РГА «Белая Русь» (587), Беларускага грамадскага аб’яднання ветэранаў (493). Сярод палітычных партый 82 назіральнікі накіравала Камуністычная партыя Беларусі, па 3 – Рэспубліканская партыя працы і справядлівасці і Аб’яднаная грамадзянская партыя. Акрамя таго, 879 грамадзян акрэдытаваны камісіямі па выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь шляхам падачы заяў.

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая