RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Новае абсталяванне для падсвятлення будынкаў пачалі выпускаць на заводзе «Зеніт» у Магілёве

Новае абсталяванне для падсвятлення будынкаў пачалі выпускаць на магілёўскім заводзе «Зеніт». Пра гэта расказаў намеснік галоўнага канструктара прадпрыемства Сяргей Ігнатаў.

«Новыя вулічныя свяцільні – святлодыёдныя. Светлавы струмень можа быць як каляровым, так і аднатонным. У каляровым варыянце вулічных свяцілень устаноўлена тры колеры, а пры праграмаванні асвятлення іх можа быць пяць – у залежнасці ад камбінацый і спалучэнняў, – расказаў Сяргей Ігнатаў. – Абсталяванне не баіцца дажджу і снегу, спякоты і марозу: у нашай святлатэхнікі ўзровень абароны ад вільгаці IP 67. Мае трывалую канструкцыю. Топавая версія такіх свяцілень здольная раўнамерна асвятліць да 15 паверхаў. Яны абсталяваны шматкаскаднымі элементамі паглынання скачкоў напружання, так што наша тэхніка абаронена ад любых неспрыяльных умоў эксплуатацыі».

У якасці эксперыменту новы ўзор свяцілень усталявалі на будынку па вуліцы Касманаўтаў у Магілёве. Там яны працуюць ужо каля года па зададзенай праграме, уключаючы пяціколеравае падсвятленне ў вячэрнія і ранішнія гадзіны. Колеры падсвятлення мяняюцца кожныя 30 хвілін. Як адзначыў спецыяліст, абсталяванне зарэкамендавала сябе добра: за час эксплуатацыі не ўзнікла ніякіх пытанняў.

«Цяпер мы распрацавалі бюджэтную версію свяцілень, якія могуць асвятліць 3–5 паверхаў. Такія свяцільні падыдуць для большасці будынкаў у гарадах рэспублікі, у тым ліку і ў Магілёве», – заўважыў намеснік галоўнага канструктара.

Асаблівую ўвагу спецыялісты надалі таму, каб вулічнае падсвятленне не замінала жыхарам горада. «У апошніх мадыфікацыях нашых прыбораў стаіць спецыяльная оптыка, якая вельмі канцэнтравана факусуе святло. Атрымліваецца, што прамень ідзе накіравана па сцяне, не зазіраючы пры гэтым у вокны», – адзначыў Сяргей Ігнатаў.

Абноўленая версія светлавых прыбораў можа быць як пяціколеравая, так і любога аднаго колеру – на выбар заказчыка. Зараз на заводзе выпускаюць першую пробную партыю. Пасля гэтага новыя канцэпцыі асвятлення Магілёва будуць прадстаўленыя кіраўніцтву горада.

У аснове магілёўскіх свяцілень – прадукцыя еўрапейскіх вытворцаў. Электроніку для іх распрацавалі спецыялісты «Зеніта».

ААТ «Зеніт» уваходзіць у склад холдынгу ААТ «Магілёўліфтмаш». Асноўны від прадукцыі – ліфтавае абсталяванне. Акрамя таго, тут вырабляюць разнастайную святлодыёдную тэхніку: ад спецыялізаваных асвятляльных прыбораў да вулічнага асвятлення.

БЕЛТА
 

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая