RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Новая паліклініка ў Магілёве будзе абслугоўваць 37 тыс. чалавек

Новая інтэграваная паліклініка ў мікрараёне Казіміраўка ў Магілёве пасля заканчэння будаўніцтва будзе абслугоўваць 37 тыс. чалавек. Унутры памяшканняў ужо ідуць аддзелачныя працы, звонку спецыялісты добраўпарадкоўваюць тэрыторыю.

Па праекце новая ўстанова аховы здароўя плошчай 16 тыс. кв. м будзе ўключаць дарослую і дзіцячую паліклінікі і станцыю хуткай медыцынскай дапамогі. Пасля заканчэння ўсіх работ сюды пераедзе Магілёўская паліклініка № 3.

«Інтэграваная паліклініка тут была неабходная. Таму што тыя паліклінікі, дзе цяпер абслугоўваюцца жыхары мікрараёнаў Казіміраўка і Спадарожнік, а таксама Пашкаўскага і Княжыцкага сельскіх саветаў, знаходзяцца далёка. Немалыя адлегласці трэба пераадольваць і машынам хуткай медыцынскай дапамогі. Таму было вырашана пабудаваць установу аховы здароўя, дзе дапамогу будуць аказваць ўсёй сям’і, – адзначыла галоўны ўрач Магілёўскай паліклінікі № 3 Святлана Шупікава. – Персанал новай паліклінікі будзе абслугоўваць каля 37 тыс. чалавек. Магутнасць паліклінікі складзе 850 наведванняў на змену, з якіх 250 прыйдзецца на дзіцячую паліклініку».

Для пацыентаў будуць працаваць два аддзяленні ўрачоў агульнай практыкі, рэнтгеналагічнае і стаматалагічнае аддзяленні. Акрамя таго, у новай паліклініцы размесцяцца аддзяленні рэабілітацыі з водалячэбніцы і кабінетам спелеалячэння, а таксама прафілактыкі і жаночай кансультацыі. Дзіцячае аддзяленне будзе выразна падзелена па абслугоўванні дзяцей з лячэбнай і прафілактычнай мэтай.

«У працу ўстановы першым у вобласці будзе ўкаранёны комплекс “Разумная паліклініка”. Ён уключае ў сябе электронную чаргу і працу з электроннымі амбулаторнымі картамі. Картка пацыента будзе даступная на камп’ютары доктара, туды ён будзе ўносіць новыя даныя. Скароціцца час чакання і палепшыцца якасць абслугоўвання насельніцтва, што створыць камфортныя ўмовы для ўрачоў і пацыентаў», – расказала галоўны ўрач.

Праектам прадугледжана вялікая і адкрытая рэгістратура. Тут будзе ўстаноўлена электронная чарга. Для прыёму тэлефонных званкоў вылучаныя асобныя працоўныя месцы call-цэнтра, каб супрацоўнікі рэгістратуры не адцягвалі ўвагу на званкі. Па ўсёй паліклініцы будуць выкананыя патрабаванні па безбар’ерным асяроддзі. «Наша галоўная задача – стварыць для наведвальнікаў паліклінікі максімальна камфортныя ўмовы знаходжання. Установу ўкамплектуюць сучаснай медыцынскай тэхнікай. Гэта палепшыць даступнасць якасных медыцынскіх паслуг і эфектыўнасць абслугоўвання насельніцтва», – адзначыла Святлана Шупікава.

З’яўленне паліклінікі ў Казіміраўцы – доўгачаканая падзея для жыхароў новага і растучага раёна горада. «Будоўля – месца шумнае, побач з намі знаходзяцца шматпавярхоўкі, але людзі не скардзяцца на шум. Для іх гэта важны аб’ект, які робіць іх жыццё больш камфортным», – адзначыў прараб СУ-59 Віталь Жаброў.

«Мы амаль цалкам завяршылі будаўнічы этап. Зараз пачалі аздобныя працы і ўнутры будынка, і звонку. Памяшканні рыхтуюць пад чыставое аздабленне: афарбоўку сцен, кладку пліткі, – расказаў Віталь Жаброў. – Добраўпарадкоўваецца і двор будучай установы аховы здароўя: з боку цэнтральнага ўвахода рыхтуюць пляцоўку пад паркоўку і тратуары».

Агульны кошт праекта складае больш за Br47 млн. Сродкі выдзелены з абласнога бюджэту. Заказчыкам па аб’екце выступае КУП «Магілёўскае абласное ўпраўленне капітальнага будаўніцтва», праекціроўшчыкам – ААТ «Інстытут Магілёўграмадзянпраект», падрадчыкам – ААТ «Будаўнічы трэст № 12».

БЕЛТА

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая