RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Новы выгляд тактыльных указальнікаў пачалі выпускаць на заводзе «Тифлос» ў Магілёве

Новы від прадукцыі – тактыльныя паказальнікі з нержавейнай сталі для невідушчых і людзей з аслабленым зрокам – пачалі выпускаць на ўнітарным прадпрыемстве «Тифлос» ГА «Белтіз» у Магілёве. Пра гэта паведаміў намеснік галоўнага інжынера прадпрыемства Віктар Ганакоў.

«Наша навінка – папераджальныя дыскрэтныя элементы: круглыя пятакі са скошанымі бакамі з нержавейнай сталі. Іх устанаўліваюць на падлозе ў месцах павышанай небяспекі або ў пунктах прыняцця рашэнняў: ля усходаў, ліфтаў, на скрыжаваннях або пешаходных пераходах. Паказальнікі дапамагаюць бяспечна і самастойна арыентавацца ў прасторы людзям з аслабленым зрокам, – расказаў Віктар Ганакоў. – Для забеспячэння безбар’ернага асяроддзя мы працягваем выпускаць пластыкавыя папераджальныя указальнікі».

Вытворчасць металічных падлогавых указальнікаў прадыктавана неабходнасцю стварэння безбар’ернага асяроддзя ва ўсіх новых і рэканструіруемых будынках. «Калі адкрываецца, напрыклад, сучасны гандлёвы цэнтр, то паказальнікі з нержавейнай сталі не толькі выглядаюць прэзентабельна, але і захоўваюць свае дызайнерскія вынаходствы на працягу ўсяго тэрміну эксплуатацыі. Мы таксама дапамагаем у распрацоўцы і вырабе дублюючых таблічак са шрыфтам Брайля, якія ўпішуцца ў інтэр’ер любога памяшкання», – адзначыў намеснік галоўнага інжынера.

Як расказаў Віктар Ганакоў, асвоіць новую прадукцыю стала магчымым дзякуючы мадэрнізацыі вытворчасці. «Дзякуючы праграме па стварэнні новых працоўных месцаў для інвалідаў, на прадпрыемстве перыядычна абнаўляецца парк абсталявання, з’яўляюцца новыя напрамкі ў вытворчасці. Набыццё новых сучасных металаапрацоўчых цэнтраў дазволіла нам не толькі распрацаваць і пачаць вырабляць новы прадукт, але і стварыць дадатковыя працоўныя месцы», – падкрэсліў Віктар Ганакоў.

Для забеспячэння безбар’ернага асяроддзя прадпрыемства выпускае накіроўвальныя тактыльныя ўказальнікі. Гэтая распрацоўка стала магчымай пасля мадэрнізацыі лініі па стварэнні шлангаў, якую абнавілі яшчэ летась.

«Гэта цалкам нашы распрацоўкі. Мы падбіралі колер і форму, якія будуць кантраставаць на паверхні, матэрыялы прадукту і клеявыя і адгезіўныя склады. Усё гэта забяспечвае працяглую прыдатнасць і функцыянальнасць нашых вырабаў. Мы не толькі дапамагаем заказчыкам вызначыць неабходны выгляд такіх указальнікаў, але і гатовы кансультаваць па іх патрэбнай колькасці і месцазнаходжанні, каб усё адпавядала патрабаванням да безбар’ернага асяроддзя. Зараз прадумваем і шукаем варыянты зрабіць нашы ўказальнікі святлоадбіўнымі, каб людзі маглі арыентавацца ў прыцемках або цемры. Прычым не толькі тыя, у каго ёсць праблемы са зрокам, – расказаў дырэктар прадпрыемства Аляксандр Бажкоў. – Людзі ўсё часцей ходзяць па вуліцы гледзячы ў смартфон. Тактыльныя ўказальнікі дапамогуць прыцягнуць увагу ў месцах павышанай небяспекі».

Зараз на магілёўскім прадпрыемстве працуе 247 чалавек, 62% з якіх – людзі з інваліднасцю, 44% – інваліды па зроку. Як адзначыў дырэктар унітарнага прадпрыемства «Тифлос» Аляксандар Бажкоў, адна з галоўных задач арганізацыі – не толькі працаўладкаванне, але і рэабілітацыя людзей з абмежаванымі фізічнымі магчымасцямі. «Мы зацікаўлены ў тым, каб не толькі даць чалавеку працоўнае месца па яго магчымасцях. Мы дапамагаем ім наладзіць жыццё, стаць часткай калектыву, бо важна, каб яны заставаліся ў соцыуме. Таму што многія людзі, якія маюць сур’ёзныя праблемы са зрокам, набылі хваробу ў сталым узросце, таму ім трэба асаблівая ўвага і дапамога», – адзначыў дырэктар прадпрыемства.

Унітарнае прадпрыемства «Тифлос» у Магілёве вырабляе разнастайныя скабяныя і электраўстановачныя вырабы, мэблевую фурнітуру, шлангі, будаўнічыя і гаспадарчыя тавары, аказвае паслугі па зборцы і ўпакоўцы, нанясенні гальванічнага пакрыцця, ліцці пластмас і вытворчасці аснасткі.

БЕЛТА

 

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая