Рус Бел Eng 中文

Папяровая фабрыка «Спартак» мадэрнізавала перапрацоўку макулатуры

Мадэрнізаваная вытворчасць па перапрацоўцы макулатуры адкрылася ў ААТ «Папяровая фабрыка «Спартак» у Шклове.

Інвестпраект рэалізаваны пры падтрымцы аператара другасных матэрыяльных рэсурсаў, які вылучыў больш за Br16 млн, яшчэ Br0,7 млн прафінансавала папяровая фабрыка.

На фабрыцы выканана рэканструкцыя размольна-падрыхтоўчага аддзела і тэхналагічнага патоку другой папяровай машыны. На абноўленым абсталяванні можна перапрацоўваць і нізкагатунковую макулатуру.

Як адзначыў намеснік старшыні канцэрна «Беллеспаперапрам» Аляксандр Пшонны, інвестыцыі ў мадэрнізацыю дазволяць істотна палепшыць якасць прадукцыі і экалогію прадпрыемства і горада ў цэлым.

«Абсталяванне павялічыць перапрацоўку нізкаякаснай макулатуры ў 3 разы і ў цэлым макулатуры на 30% і дазволіць папяровай фабрыцы «Спартак» стаць адным з самых буйных макулатураперапрацоўчых прадпрыемстваў рэспублікі. З наступнага года яна будзе перапрацоўваць 60 тыс. т макулатуры. Гэта фактычна аб’ём нарыхтоўкі дзвюх абласцей – Магілёўскай і Мінскай», – дадаў Аляксандр Пшонны.

Папярэднюю мадэрнізацыю тут правялі ў 2008–2010 гадах. Тады была карэнная мадэрнізацыя папяровай вытворчасці, пабудавана новая папяровая машына, гофравытворчасць.

Падчас цяперашняй рэканструкцыі вырашаны і экалагічныя задачы: будзе зніжана нагрузка на гарадскія ачышчальныя збудаванні (паменшыцца аб’ём скідвальных сцёкавых вод). Гэта знізіць антрапагеннае ўздзеянне на Днепр. Для тэхнічных патрэб з ракі будуць браць вады на 40% менш (36 замест 60 тыс. куб. м на месяц).

Практычна цалкам будзе выдаляцца папяровае валакно з адходаў, працэнт адходаў да аб’ёму перапрацаванай макулатуры знізіцца з 11% да 8,5%. Дадаткова можна будзе здабываць для вытворчасці 1475 т валакна замест яго пахавання. Удзельныя нормы расходу электраэнергіі на вытворчасць 1 т гатовай прадукцыі знізяцца на 5,7% (з 567,9 да 535,5 кВт/г).

Як удакладніў дырэктар РУП «Завод газетнай паперы» – кіруючай арганізацыі ААТ «Папяровая фабрыка Спартак» Юрый Лука, тэрмін акупнасці праекта – не больш за 5 гадоў.

Дырэктар дзяржаўнай установы «Аператар другасных матэрыяльных рэсурсаў» Наталля Грынцэвіч адзначыла, што аператар фінансуе праекты, звязаныя як са зборам, так і перапрацоўкай ДМР. Акрамя «Спартака», садзейнічанне атрымаў Слонімскі кардонна-папяровы завод «Альберцін».

Паводле яе слоў, цяпер практычна кожны другі беларус сартуе смецце, хоць бы часткова. «У нас сур’ёзныя зрухі ў гэтым кірунку», – лічыць дырэктар.

Папяровая фабрыка «Спартак» знаходзіцца ў Шклове. Выпускае звыш 20 найменняў прадукцыі, у тым ліку паперу для гафрыравання, паперу-аснову для вытворчасці туалетнай паперы, сурвэтак і папяровых ручнікоў, гафрыраваны кардон, скрыні з гафрыраванага кардону, прадукцыю санітарна-гігіенічнага прызначэння, кардонна-папяровыя гільзы.

БЕЛТА

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая