RU BY EN 中文
Twitter Instagram

«Павінны быць сумленныя, справядлівыя выбары» - Аляксандр Лукашэнка сабраў нараду па парламенцкай кампаніі

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка сабраў нараду па арганізацыі і правядзенні маючых адбыцца выбараў у Палату прадстаўнікоў і Савет Рэспублікі Нацыянальнага сходу.

«Сёння нам неабходна абмеркаваць шэраг пытанняў, звязаных з маючымі адбыцца парламенцкімі выбарамі, а таксама разгледзець гатоўнасць мясцовых органаў улады да іх правядзення. Тут утойваць няма чаго: без улады на месцах выбары будзе правесці не тое што цяжка, немагчыма. Мы ніколі не ўтойвалі гэтага і ўтойваць не будзем. Трэба зрабіць усё для таго, каб выбары прайшлі на высокім узроўні. Іх прапануецца правесці ў лістападзе гэтага года. З аптымальнымі датамі мы вызначымся ў бліжэйшы час. Гэта азначае, што асноўныя перадвыбарныя мерапрыемствы, прадугледжаныя заканадаўствам, павінны пачацца ўжо ў жніўні», - сказаў кіраўнік дзяржавы.

Паводле яго слоў, трэба папярэдне вырашыць усе арганізацыйныя пытанні, каб у перыяд актыўнай выбарчай кампаніі забяспечыць спакойную абстаноўку для свабоднага волевыяўлення беларускага народа.

«Патрабаванні да правядзення выбарчай кампаніі нязменныя. Гэта павінны быць сумленныя, справядлівыя выбары, без надуманых абмежаванняў, каб ні ў каго не было сумненняў у іх легітымнасці», - падкрэсліў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што Выбарчы кодэкс напярэдадні выбараў не мяняўся, існуючыя правілы ўсім добра вядомыя. «Трэба зрабіць усё ў строгай адпаведнасці з нашым заканадаўствам. Яшчэ раз хачу падкрэсліць: выбары мы арганізоўваем для сваёй краіны, для Беларусі. Мы, вядома, не хочам трапіць пад крытыку нашых суседзяў і прадстаўнікоў іншых краін, тым не менш помніць трэба галоўнае - выбары гэта беларускія», - дадаў кіраўнік дзяржавы.

«Залог поспеху - зладжаная камандная работа з высокай асабістай адказнасцю кожнага з вас і тых, хто будзе працаваць у камісіях знізу даверху, за даручаную справу, - звярнуўся Прэзідэнт да ўдзельнікаў нарады. - Нягледзячы на тое, што асноўная арганізацыйная нагрузка пры падрыхтоўцы мерапрыемства ляжа на Цэнтральную камісію па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў, мы павінны забяспечыць узаемадзеянне ўсіх удзельнікаў выбарчага працэсу».

«Дырыжорамі ў гэтым шматгранным і шматгалосым аркестры будуць мясцовыя органы ўлады. Мясцовай уладзе трэба будзе сфарміраваць выбарчыя камісіі. Зрабіць гэта ў адпаведнасці з заканадаўствам: дэмакратычна, адкрыта, з шырокім удзелам канструктыўных грамадскіх арганізацый, якія складаюць аснову нашай грамадзянскай супольнасці», - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

«Чарговы раз падкрэсліваю, што выбары - гэта экзамен для дзеючай улады, у першую чаргу на мясцовым узроўні. Менавіта на выканаўчай вертыкалі асаблівая адказнасць за палітычныя і эканамічныя працэсы ў рэгіёнах у перыяд электаральнай кампаніі. Стаўце задачы, мабілізуйце людзей, не адкладваючы вырашэнне пытанняў на восень. Трэба рабіць усё цяпер. Добра, што гэта работа пачалася і актывізавана пасля «Вялікай размовы». Трэба прадоўжыць яе», - рэзюмаваў беларускі лідар.

БЕЛТА

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая