Рус Бел Eng 中文

Перадавікоў АПК Магілёўскай вобласці ўзнагародзілі на свяце «Купалле» ў Александрыі

На рэспубліканскім свяце «Купалле» («Александрыя збірае сяброў») сёння адбылася цырымонія ўзнагароджання перадавікоў АПК Магілёўскай вобласці па выніках працы ў 2019 годзе. На ўрачыстым мерапрыемстве ўшанавання работнікаў аграпрамысловага комплексу рэгіёна прысутнічалі намеснік прэм’ер-міністра Беларусі Аляксандр Субоцін і старшыня Магілёўскага аблвыканкама Леанід Заяц.

Па выніках рэспубліканскага спаборніцтва па дасягненні высокіх паказчыкаў у аграпрамысловай вытворчасці ў 2019 годзе сярод сельскагаспадарчых арганізацый Магілёўскай вобласці пераможцам прызнаны Бялыніцкі сельскагаспадарчы вытворчы кааператыў «Калгас “Радзіма”». Калектыў работнікаў прадпрыемства ўдастоены падзякі Прэзідэнта і ўзнагароджаны падарункавым сертыфікатам на трактар Беларусь 1221.2.

Ганаровымі граматамі Савета Міністраў адзначаны дырэктар акцыянернага таварыства «Максімавічы-Агра» (Клічаўскі раён) Васіль Белы і кандытар вытворчасці № 4 акцыянернага таварыства «Булачна-кандытарская кампанія “Дамачай”» Наталля Шарай. Падзяку прэм’ер-міністра Беларусі атрымаў трактарыст-машыніст акцыянернага таварыства «Рассвет імя К. П. Арлоўскага» (Кіраўскі раён) Мікалай Белакурскі.

Прадстаўнікі Магілёўскай вобласці таксама былі ўзнагароджаны нагруднымі знакамі Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання «За заслугі ў сельскай гаспадарцы» і юбілейнымі медалямі «100 гадоў органам дзяржаўнага кіравання сельскай гаспадаркай і харчаваннем Беларусі».

Па выніках рэспубліканскага агляду-конкурсу на самую лепшую арганізацыю работы па ахове працы ў 2019 годзе ў намінацыі «Найлепшая арганізацыя работы па ахове працы сярод сельскагаспадарчых арганізацый» трэцяе месца занялі: ААТ «Малочныя горкі» і Мсціслаўскі філіял ААТ «Булачна-кандытарская кампанія “Дамачай”». Калектывы прадпрыемстваў удастоены ганаровых грамат Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання і грашовай прэміі. Гэтую ж узнагароду атрымалі галоўны інжынер-электрык бялыніцкага вытворчага кааператыва «Калгас “Радзіма”» Мікалай Капялюш і трактарыст-машыніст сельскагаспадарчай вытворчасці 3 разраду філіяла «Сельскагаспадарчая вытворчасць “Газавік-Сіпакова”» РУП «Магілёўаблгаз» (Шклоўскі раён) Аляксандр Кандратаў.

Ужо стала добрай традыцыяй праводзіць цырымонію ўзнагароджання найлепшых работнікаў галіны ў межах найбуйнейшага фестывалю краіны «Александрыя збірае сяброў», адзначыў Леанід Заяц. Гэта яшчэ раз пацвярджае, што адказная і нялёгкая праца аграрыяў заўсёды карыстаецца асаблівай пашанай і павагай.

«Мінулы год у многіх адносінах выдаўся насычаным і напружаным, – падкрэсліў старшыня Магілёўскага аблвыканкама. – У першую чаргу, праз складаныя ўмовы надвор’я. Часам даводзілася працаваць на мяжы магчымасцяў, пастаянна шукаць новыя падыходы да вырашэння праблем: памяншаць выдаткі вытворчасці, рацыянальна выкарыстоўваць матэрыяльныя рэсурсы, умацоўваць дысцыпліну. І гэтыя меры прынеслі вынікі».

Паводле слоў Леаніда Зайца, галоўны крытэрый ацэнкі працы земляробаў – гэта ўборачная гарачая пара. Дзякуючы захаванню тэхналагічных параметраў, суладнай працы аграномаў і механізатараў, мінулая ўборачная кампанія прайшла на годным узроўні. Вобласць атрымала хай не рэкордны, але годны ўраджай збожжавых, зернебабовых і іншых сельскагаспадарчых культур. Сельскагаспадарчыя арганізацыі, уключаючы фермерскія гаспадаркі, прынеслі ў рэспубліканскія засекі больш за 930 тыс. т збожжа. Магілёўшчына забяспечыла выкананне задання па пастаўцы хлеба ў лік дзяржзаказу. У галіне раслінаводства дасягнуты прырост вытворчасці рапсу на 9,1%, гародніны на 10,2%, бульбы – у 1,2 раза, цукровых буракоў і кукурузы – у 1,3 раза.

«У гэтым годзе мы павінны зрабіць яшчэ адзін якасны крок наперад, – адзначыў кіраўнік рэгіёна. – Неабходна выкарыстоўваць новыя падыходы і формы гаспадарання». Нягледзячы на халодную вясну 2020 года, дзякуючы стараннасці аграрыяў, у сельскагаспадарчых арганізацыях вобласці ўжо нарыхтавана 391 тыс. т кармавых адзінак травяністых кармоў, што склала 10,2 цэнтнера кармавых адзінак у разліку на ўмоўную галаву жывёлы. На палях вобласці нядрэнны ўраджай. І зараз асноўная задача – якасна і своечасова правесці яго ўборку.

«Неабходна нарошчваць валавую вытворчасць усіх відаў сельскагаспадарчай прадукцыі. Але, зразумела, не любой цаной, – падкрэсліў Леанід Заяц. – Сёння на першым плане – атрыманне высокай выручкі, рэнтабельнасці і прыбытку, жорсткая эканомія энергарэсурсаў, выхад на поўную самаакупнасць. А для гэтага нам ніяк не абысціся без жорсткага захавання тэхналогій і вытворчай дысцыпліны».

Кіраўнік вобласці шчыра павіншаваў удзельнікаў імпрэзы з іх прафесійнымі дасягненнямі. Высокай ацэнкі працы заслужылі працоўныя калектывы «Калгаса “Радзіма”» Бялыніцкага раёна (старшыня Аляксандр Лапацентаў), ААТ «Малочныя горкі» (дырэктар Валянціна Цыркунова), «Саўгаса “Дабраволец”» Клічаўскага раёна (дырэктар Алег Портнік), ААТ «Максімавічы-Агра» (дырэктар Васіль Белы), а таксама цэлага шэрагу іншых сельскагаспадарчых і перапрацоўчых прадпрыемстваў нашай вобласці.

Леанід Заяц пажадаў працаўнікам вёскі здароўя і поспехаў, новых сіл для выканання задач, якія пастаўлены перад АПК вобласці кіраўніцтвам краіны. Ім уручаны ганаровыя граматы, падзякі аблвыканкама і грашовыя прэміі. Сярод узнагароджаных – трактарыст-машыніст сельскагаспадарчай вытворчасці акцыянернага таварыства «Новая Друць» Аляксандр Дзевачкоў, аператар машыннага даення РУП «Вучэбна-доследная гаспадарка Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі» Ірына Кульбакова, начальнік філіяла рэспубліканскага сельскахаспрадпрыемства па племянной справе «Магілёўскае дзяржплемпрадпрыемства» па Кіраўскім раёне Галіна Шкрабава, брыгадзір вытворчай брыгады ў жывёлагадоўлі малочна-таварнай фермы сельгаспрадпрыемства «Маляцічы-Агра» Ала Фёдарава, сялянскія (фермерскія) гаспадаркі «Новый Быт», «Власик», «ИВА», «Пралесак». З мэтай умацавання матэрыяльна-тэхнічнай базы прадпрыемства, далейшага тэхнічнага перааснашчэння сельскагаспадарчай вытворчасці трактар Беларус 3522 перадалі ААТ «Макеевічы» (Клімавіцкі раён).

Таксама ганаровых грамат і падзяк аблвыканкама ўдастоены ўсе, хто ўнёс значны ўклад у арганізацыю работы па стварэнні мемарыяльнага комплексу «Памяці спаленых вёсак Магілёўскай вобласці» ў в. Боркі Кіраўскага раёна, які адкрылі 20 чэрвеня бягучага года.

Пасля цырымоніі ўзнагароджання для ўдзельнікаў урачыстасці адбыўся канцэрт Беларускага дзяржаўнага ансамбля «Песняры».

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая