RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Пералік адміністрацыйных працэдур у службе «Адно акно» значна пашыраны

У Беларусі для зручнасці грамадзян, аператыўнасці і даступнасці значна пашыраны пералік адміністрацыйных працэдур у службе «Адно акно», – паведамілі ў прэс-службе Міністэрства юстыцыі.

З нядаўняга часу ў службе «Адно акно» грамадзяне могуць вырашыць на 80% больш пытанняў, чым раней. Сёння праз яе выконваецца 181 адміністрацыйная працэдура. Напрыклад, у сферы працы і сацыяльнай абароны – гэта прызначэнне розных дапамог, дзяржаўнай адраснай сацыяльнай дапамогі, сямейнага капіталу, дапамог па доглядзе інвалідаў, пастаноўка на чаргу і выдача накіравання ў дзіцячы сад.

Шэраг працэдур ажыццяўляецца ў сферы жыллёвых праваадносін. Гэта дазвол аб адчужэнні аб’ектаў нерухомасці, зямельных участкаў, пастаноўка на ўлік маючых патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, ўзгадненне перапланіроўкі, самавольнай пабудовы, уключэнне ў склад арганізацыі забудоўшчыкаў, прадастаўленне субсідыі на будаўніцтва (рэканструкцыю) або куплю жылля, рэгістрацыя дагавора найму жылога памяшкання, узгадненне ўстаноўкі антэн. А ў сферы архітэктуры і будаўніцтва – дазвол на ўзвядзенне дамоў, узгадненне праектнай дакументацыі, падаўжэнне тэрміну будаўніцтва розных аб’ектаў.

Акрамя гэтага, па атрыманне шэрагу даведак і іншых дакументаў любы грамадзянін або суб’ект гаспадарання можа звярнуцца ў дзяржаўны орган праз адзіны партал электронных паслуг, не выходзячы з хаты. У прыватнасці, гэта тычыцца шэрагу працэдур падатковых, мытных органаў, органаў памежнай службы, унутраных спраў, сувязі.

У найбліжэйшы час плануецца перавесці ў электронную форму яшчэ некаторыя запатрабаваныя працэдуры. Гаворка ідзе пра выдачу даведак аб знаходжанні на ўліку маючых патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, аб жылым памяшканні і складзе сям’і, аб месцы жыхарства, аб прадастаўленні аднаразовай субсідыі на будаўніцтва або набыццё жылля. Таксама гэта выдача дакумента аб запрашэнні замежнікаў у Беларусь, выдача даведкі аб выплаце падаходнага падатку з фізічных асоб, вяртанне залішне выплачаных мытных плацяжоў, шэраг працэдур у сферы дзяржаўнай рэгістрацыі зямельных участкаў і нерухомасці.

Як адзначылі ў Мінюсце, асноўная мэта службы «Адно акно» – забяспечыць у адным месцы прыём заяў аб ажыццяўленні адмінпрацэдур і выдачу адміністрацыйных рашэнняў па іх. Пералік запатрабаваных працэдур паступова пашыраецца. Гэта стварае ўмовы для аказання насельніцтву дзяржаўных паслуг максімальна даступна, зручна, з мінімальнай затратай часу і сіл пры звароце ў мясцовыя органы ўлады.

БЕЛТА

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая