RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Пераможцаў і прызёраў II Еўрапейскіх гульняў ушаноўвалі ў Магілёве

У Палацы культуры вобласці сёння прайшла ўрачыстая цырымонія ўшанавання пераможцаў і прызёраў II Еўрапейскіх гульняў – прадстаўнікоў нацыянальнай зборнай Магілёўшчыны.

Спартсмены рэгіёна з гонарам прадставілі краіну на II Еўрапейскіх гульнях, адзначыў старшыня аблвыканкама Леанід Заяц. Яны ўнеслі вялікі ўклад у медальную скарбонку нацыянальнай каманды – 11 узнагарод, дзве з якіх вышэйшай пробы. «Мы горача падтрымлівалі і радаваліся поспехам беларускіх спартсменаў, якія зрабілі ўсё магчымае, каб дастойна прадставіць краіну і сваю малую радзіму на гэтых спаборніцтвах», – падкрэсліў кіраўнік вобласці.

Па словах Леаніда Зайца, прысутныя ў зале – эліта беларускага спорту. «Дзякуючы вам не раз узнімаўся на II Еўрапейскіх гульнях сцяг і гучаў гімн краіны перад шматмільённай міжнароднай аўдыторыяй, – звярнуў увагу старшыня аблвыканкама. – Гэта прызнанне вашых прафесійных дасягненняў, вы ўпісалі свае імёны залатымі літарамі ў гісторыю краіны і нацыянальнага спорту».

Кіраўнік рэгіёна шчыра падзякаваў спартсменам за яркія выступленні і падораныя эмоцыі. «Вы праявілі свае лепшыя якасці, сілу волі і характар. Вы паказалі сябе сапраўднымі спартсменамі і праўдзівымі байцамі. Вамі ганарацца не толькі вашы сем'і і родныя, а ўся наша вобласць і краіна», – падкрэсліў ён.

Пераможцам і прызёрам II Еўрапейскіх гульняў, спартсменам, якія паказалі высокія вынікі падчас спаборніцтваў, іх трэнерам былі ўручаны ганаровыя граматы, падзякі Магілёўскага аблвыканкама і абласнога Савета дэпутатаў, Магілёўскага і Бабруйскага гарвыканкамаў, грашовыя прэміі.

Нагадаем, дзяржаўны гімн Беларусі гучаў у гонар чэмпіёнаў II Еўрапейскіх гульняў Анжэлы Жылінскай (самба) і Ірыны Курачкінай (барацьба жаночая). На п'едэстал таксама падымаліся Крысціна Ціманоўская, Надзея Макарчанка, Ганна Марусава, Карына Дзямінская, Юлія Касцючкова, Сяргей Карпаў, Анфіса Капаева, Дзмітрый Траццякоў, Арцём Краўцоў, Уладзіслаў Бурдзь і Андрэй Казусёнак. А ўсяго Магілёўскую вобласць на прэстыжных спаборніцтвах прадстаўлялі 37 спартсменаў.

«Дзякуй усім, хто падтрымліваў і дапамагаў нам на Еўрапейскіх гульнях, пастаянна быў побач, не даваў апускаць галаву і разгубіцца, – адзначыла падчас ушанавання чэмпіёнка II Еўрапейскіх гульняў па самба Анжэла Жылінская. – Спаборніцтвы былі не простымі, маральна цяжкімі, паколькі праходзілі дома, а гэта накладвала велізарную адказнасць, патрабавала максімальна паспяховых выступленняў, накіраваных на высокія вынікі».  

Ад імя спартсменаў Магілёўшчыны Анжэла Жылінская ўручыла прадстаўнікам выканаўчай улады, прысутным у зале, памятныя сувеніры – сімвалы II Еўрапейскіх гульняў.

Сёння заслужаныя ўзнагароды атрымалі не толькі ўдзельнікі II Еўрапейскіх гульняў. Падзякі ад старшыні Магілёўскага аблвыканкама павезлі з сабой юныя пераможцы Рэспубліканскай спартакіяды школьнікаў і Рэспубліканскіх спаборніцтваў па праграме летняга мнагабор'я «Абаронца Айчыны» сярод юнакоў дапрызыўнага і прызыўнога ўзросту, іх трэнеры.

«У вобласці расце дастойная змена. Нашай моладзі няма роўных у вольнай барацьбе, дзюдо, лыжных гонках, біятлоне, летнім мнагабор'і. Упэўнены, што многіх з маладых спартыўных талентаў чакае поспех, прызнанне, а кагосьці і сусветная слава», – сказаў Леанід Заяц.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая