RU BY EN 中文
Twitter Instagram

«Полымя свету» II Еўрапейскіх гульняў пачало падарожжа па Шклове

Пасля падарожжа па знакавых месцах Магілёва «Полымя свету» II Еўрапейскіх гульняў сёння прыбыло ў Шклоў.

Сустрэць галоўны сімвал II Еўрапейскіх гульняў на плошчу перад раённым Домам культуры прыйшлі вядомыя людзі Шклова, прадстаўнікі працоўных калектываў і грамадскасці, шмат моладзі.

«Для нашага горада вельмі ганарова сустракаць эстафету Еўрапейскіх гульняў, полымя, якое з’яўляецца сімвалам міру і спорту, – адзначыў намеснік старшыні Шклоўскага райвыканкама Сяргей Артамонаў. – Прайшоўшы тысячы кіламетраў, полымя прыбыло ў Беларусь, а сёння – у Шклоўскі раён. Гэта агонь цяпла, які здольны сагрэць і запаліць сэрцы людзей для стварэння і новых спартыўных дасягненняў».

Першым факеланосцам у Шклове стаў першы сакратар ЦК БРСМ Дзмітрый Варанюк. Ён заклікаў жыхароў сваёй малой радзімы праслаўляць Шклоўскі край дасягненнямі ў прафесійнай дзейнасці і перамогамі ў спорце, рабіць усё магчымае для развіцця і росквіту краіны. «Гэта ўнікальная падзея для Беларусі і кожнага яе жыхара. Яна гаворыць аб нашым мінулым, сённяшніх дасягненнях і будучых перамогах. Мне б хацелася, каб гэта полымя, гэты агонь запальваў у нашых сэрцах толькі дабро і падштурхнуў на дасягненне новых вяршыняў», – сказаў моладзевы лідар.

Захавальнікі агню запалілі факел і перадалі яго Дзмітрыю Варанюку.

 

Сімвал Еўрапейскіх гульняў носьбіты паходні даставілі да гарадской ратушы, лядовай арэны і ў ААТ «Папяровая фабрыка “Спартак”». Затым ён адправіцца ў аграгарадок Александрыя, дзе наведае школу, у якой вучыўся Прэзідэнт Беларусі, спартыўны комплекс і Трафімаву крыніцу. Наступным горадам на шляху эстафеты стануць Горкі, дзе полымя наведае моладзевы культурна-забаўляльны цэнтр «Амфітэатр», батанічны сад Беларускай сельгасакадэміі і цэнтральную плошчу, на якой пройдзе тэматычны флэшмоб.

Факел пабывае на Блакітнай крыніцы ў Слаўгарадскім раёне, помніку прыроды рэспубліканскага значэння, а таксама каля мемарыяла вайсковай славы «Лудчыцкая вышыня» ў Быхаве і на Чыгірынскім вадасховішчы. Фінальным пунктам у маршруце эстафеты па Магілёўскай вобласці стане Бабруйск і Бабруйскі раён. Тут сімвал II Еўрапейскіх гульняў прабудзе два дні. 3 чэрвеня пасля ўрачыстай часткі на плошчы Леніна яго пранясуць па вуліцах горада да «Бабруйск-Арэны», а 4 чэрвеня факеланосцы наведаюць ААТ «Чырвоны харчавік», «Белшыну» і СВК «Гігант» у аграгарадку Вялікія Бортнікі.

Эстафета ўжо прайшла Брэсцкую, Гродзенскую і Віцебскую вобласці, пасля Магілёўскай агонь II Еўрапейскіх гульняў прыме Гомельскі рэгіён.

II Еўрапейскія гульні пройдуць у Мінску з 21 па 30 чэрвеня. Больш за 4 тыс. атлетаў з 50 краін разыграюць 200 камплектаў узнагарод у 15 відах спорту.

БЕЛТА

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая