RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Прайсці праз «калідор эпох» змогуць госці свята «Купалле» ў Александрыі

Прайсці праз «калідор эпох», які размесціцца на маладзёжнай пляцоўцы, змогуць госці свята «Купалле» ў Александрыі. Тут арганізуюць прэзентацыі побыту розных часоў, расказалі ў аблвыканкаме.

Наведвальнікі экспазіцыі сярэдзіны 19 стагоддзя ўбачаць сялянскую хату і двор, паназіраюць за працай каваля, ганчара, сталяра, азнаёмяцца з працэсам пляцення кошыкаў. Жадаючыя змогуць прыняць удзел у распілоўцы бервяна, вырабе масла, мадэляванні ворных работ, конскай збруі, у ткацкіх і ганчарных працах.

Госці свята таксама пабываюць у кватэры савецкага перыяду на экспазіцыі канца 20 стагоддзя. Тут жа адбудзецца майстар-клас па швейных работах, а ўспомніць дзяцінства многім дапамогуць скачкі праз рызінку і гульня ў класікі.

Побыт і магчымасці чалавека «будучыні» прадставяць на экспазіцыі 21 стагоддзя. Дадаткам стане прэзентацыя сістэмы «Разумны дом», выстава апошніх навуковых і селекцыйных дасягненняў устаноў вышэйшай адукацыі, забаўляльнае мерапрыемства «Займальная фізіка».

Адначасова на моладзевай пляцоўцы свае магчымасці прадэманструюць установы прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі. Іх прадстаўнікі арганізуюць выставы вырабаў дэкаратыўна-прыкладной і тэхнічнай творчасці, продаж прадукцыі ўласнай вытворчасці, кандытарскіх вырабаў, правядуць майстар-класы, гульнявыя мерапрыемствы (даміно на траве, крыжыкі-нулікі, шашкі, шахматы, квэст «У пошуках папараць-кветкі»).

На працягу ўсяго дня будзе працаваць анлайн-пляцоўка «ФОТОГРАФиЯ». Яе наведвальнікі змогуць зрабіць фота, якія размесцяць на спецыяльным экране і ў інтэрнэце. Найлепшы здымак вызначыць галасаванне.

На маладзёжнай пляцоўцы «Купалля» традыцыйна дэманструюцца спартыўныя, творчыя, навукова-тэхнічныя праграмы і дасягненні моладзі, праводзяцца музычна-гульнявыя праграмы. Сёлетняе свята не стане выключэннем.

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая