Рус Бел Eng 中文

Прэс-канферэнцыя старшыні Цэнтрвыбаркама Лідзіі Ярмошынай

Перадвыбарная агітацыя на парламенцкіх выбарах у Беларусі стартуе ў сярэдзіне кастрычніка

Перадвыбарная агітацыя на парламенцкіх выбарах у Беларусі стартуе ў сярэдзіне кастрычніка. Паведаміла журналістам старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына.

Яна патлумачыла, што перадвыбарная агітацыя пачынаецца пасля рэгістрацыі кандыдатаў у дэпутаты. Так, іх вылучэнне завяршаецца 7 кастрычніка, на рэгістрацыю адводзіцца дзесяць дзён. Гэта значыць, перадвыбарная агітацыя пачнецца пасля 17 кастрычніка. Калі кандыдата зарэгіструюць раней за гэты тэрмін, то ён зможа прыступіць да агітацыі. «Але ўсё роўна гэта сярэдзіна кастрычніка”, – дадала кіраўнік ЦВК.

Лідзія Ярмошына падзялілася чаканнямі ад перадвыбарнай агітацыі, падкрэсліўшы, што толькі ад кандыдатаў у дэпутаты залежыць, наколькі гэты этап будзе запамінальным. «Калі кандыдаты выкарыстоўваюць хаця б усё тое, што ім бясплатна дае дзяржава (выступленні ў газетах, на тэлебачанні, удзел у тэледэбатах), то гэта ўжо будзе дастаткова ажыўлена», – лічыць старшыня ЦВК.

Выбары ў Палату прадстаўнікоў прызначаны на 17 лістапада, у Савет Рэспублікі – на 7 лістапада.

 

Выбарчая кампанія ў Беларусі праходзіць у палітычна стабільных умовах

Парламенцкая выбарчая кампанія ў Беларусі праходзіць у палітычна стабільных умовах.

Кіраўнік ЦВК адзначыла, што перыяд правядзення кампаніі вельмі спрыяльны для выбараў. «Кампанія праходзіць, як мне здаецца, у палітычна стабільных умовах», – сказала Лідзія Ярмошына.

Характарызуючы спецыфіку беларускіх выбарчых кампаній у цэлым, параўноўваючы іх з замежнымі, Лідзія Ярмошына адзначыла, што «ў нас выбары сацыяльныя». Так, кандыдаты бясплатна атрымліваюць вялікія магчымасці для перадвыбарнай агітацыі: выступленні ў дзяржаўнай прэсе, удзел у тэледэбатах і г. д.

Старшыня ЦВК нагадала, што ў Беларусі няма галасавання па партыйных спісах. «І таму ў нас немагчыма прыкрыцца папулярным брэндам – кожны павінен нешта з сябе ўяўляць», – падкрэсліла яна.

Кіраўнік Цэнтрвыбаркама дадала, што не бачыць нічога, што ашаламляльным чынам адрознівала б цяперашнюю выбарчую кампанію ад папярэдніх. Аднак асаблівасці ёсць. Так, плануецца шырэй выкарыстоўваць інфармацыйныя тэхналогіі. «Хутка запрацуе дадатак да мабільных тэлефонаў, дзе можна будзе вызначыць месцазнаходжанне выбарчага ўчастка і нават нумар выбарчай акругі. Гэта вялікая дапамога для зборшчыкаў подпісаў», – анансавала адно з новаўвядзенняў Лідзія Ярмошына.

Сёлета арганізатары выбараў будуць яшчэ больш узмоцнена працаваць над забеспячэннем правоў асоб з абмежаванымі фізічнымі магчымасцямі, дадала яна. Так, усім тэлеканалам прапанавана, і яны пагадзіліся забяспечыць субтытрамі выступленні кандыдатаў. Акрамя таго, на выбарчых участках будуць стварацца спецыяльныя месцы для галасавання людзей з абмежаванымі фізічнымі магчымасцямі. «Гэта значыць або будуць стварацца спецыяльныя, больш шырокія кабіны для галасавання, або вылучацца месцы з нізкім сталом», – сказала старшыня Цэнтрвыбаркама.

 

Выступленні кандыдатаў у дэпутаты па радыё і тэлебачанні пачнуцца з 20 кастрычніка

Выступленні кандыдатаў у дэпутаты па радыё і тэлебачанні пачнуцца з 20 кастрычніка.

«З 20 кастрычніка будуць праходзіць, па працоўных днях. Радыёвыступленні будуць з 7.00 да 8.00, тэлевізійныя – з 19.00 да 20.00», – сказала Лідзія Ярмошына.

Для кандыдатаў, якія будуць балаціравацца па Мінску, плануецца вылучыць эфірны час на канале «Беларусь 3», па Мінскай вобласці – на СТВ. Тым, хто будзе вылучацца па абласцях, час дадуць абласныя тэлерадыёкампаніі. Радыёвыступленні будуць толькі на абласных дзяржаўных радыёстанцыях. У прыватнасці, для Мінскай вобласці – гэта «Мінская хваля», для Мінска – «Радыё Мінск».

Што тычыцца друкаваных выданняў, то для публікацыі праграм кандыдатаў у дэпутаты плануюцца дзве цэнтральныя газеты – «Звязда» і «Рэспубліка». Раней на парламенцкіх выбарах яшчэ была задзейнічана «Народная газета». Цяпер яна выдаецца ўсяго раз на тыдзень, таму немагчыма забяспечыць апублікаванне праграм кандыдатаў у гэтым выданні. Прапануецца выкарыстоўваць магчымасці абласных газет – дзяржаўных або з удзелам дзяржаўнага капіталу, а таксама раённых ці гарадскіх.

На гэты момант рыхтуецца наступнае пасяджэнне ЦВК, якое пройдзе 28 жніўня. Яго прысвецяць пытанням працы са СМІ на час выбарчай кампаніі. Традыцыйна будзе сфарміраваны назіральны савет па інфармацыйных спрэчках. Міністру інфармацыі прапанаваны папярэдні спіс кандыдатур. Гэты савет узначаліць першы намеснік міністра інфармацыі Павел Лёгкі.

У канцы жніўня мясцовыя органы ўлады павінны прыняць рашэнне, у якім прадугледзець, якія месцы забаронены для арганізацыі пікетаў па зборы подпісаў. Лідзія Ярмошына нагадала, што на выбарах дзейнічае парадак: подпісы можна збіраць усюды, акрамя месцаў, спецыяльна забароненых мясцовымі ўладамі. Акрамя таго, на сайтах мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў адкрыта спецыяльная рубрыка, якая тычыцца выбараў 2019 года. Там апублікаваны час і месца прыёму дакументаў па вылучэнні прадстаўнікоў у склады акруговых выбарчых камісій.

Кіраўнік дзяржавы 5 жніўня падпісаў указы № 293 і № 294 аб прызначэнні выбараў у Савет Рэспублікі і Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь 7-га склікання. Яны пройдуць адпаведна 7 і 17 лістапада 2019 года. 6 жніўня на пасяджэнні ЦВК зацверджаны каляндарныя планы парламенцкіх выбараў. Усе найважнейшыя падзеі выбарчай кампаніі будуць асвятляцца на інфармацыйным рэсурсе ВЫБАРЫ-2019 (http://vybary2019.by).

БЕЛТА
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая