RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Рамонт дарог і будынкаў, добраўпарадкаванне парку – Асіповічы рыхтуюцца да «Дажынак»

У Асіповічах ідзе падрыхтоўка да абласных «Дажынак». Цяпер тут рамантуюць дарогі і будынкі, добраўпарадкоўваюць парк і дваровыя тэрыторыі. Пра гэта расказаў намеснік старшыні Асіповіцкага райвыканкама Аляксандр Ганчароў.

«Падчас падрыхтоўкі да «Дажынак» мы праводзім капітальны рамонт жылфонду. Так, у горадзе змянілася 12 дамоў. Гэтыя работы завершацца ўжо ў найбліжэйшы час. Акрамя гэтага, яшчэ ў 50 жылых дамах правялі бягучы рамонт, – паведаміў Аляксандр Ганчароў. – Усе ўстановы адукацыі таксама прывялі ў парадак. У гімназіі скончылі капітальны рамонт. Тут замянілі вокны і дзверы, уцяплілі фасад будынка, перарабілі хол. Усяго на гэта было затрачана каля Br1 млн».

Паводле слоў Аляксандра Ганчарова, рамонтныя работы закранулі і пяць дашкольных устаноў. «Работы ў гэтым напрамку будуць працягвацца», – адзначыў ён.

«У гэтым годзе ў Асіповічах ўвялі ў эксплуатацыю два шматкватэрныя дамы. Ідзе будаўніцтва яшчэ двух дамоў. «Гэта атрымаецца каля 300 кватэр. Калі будуць здадзены гэтыя дамы, у нас скончыцца чарга шматдзетных сем’яў, якім неабходна паляпшэнне жыллёвых умоў», – адзначыў Аляксандр Ганчароў.

Да «Дажынак» у горадзе з’явіцца новае аддзяленне дзённага знаходжання Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. «Гэта аддзяленне размяшчаецца на першым паверсе пяціпавярховага дома. Тут правялі капітальны рамонт: цалкам пераабсталявалі памяшканні, замянілі інжынерныя сеткі і вентыляцыю, паставілі новыя вокны і дзверы, паклалі плітку», – паведаміў намеснік старшыні райвыканкама.

Зараз дарожныя работы вядуцца на дзвюх цэнтральных вуліцах горада: мяняюць пакрыццё, прыводзяць у парадак тратуары. «Усяго за час рамонту ў Асіповічах і Асіповіцкім раёне зрабілі больш за 30 км дарог, – расказаў Аляксандр Ганчароў. – Прывялі ў парадак тратуары: замянілі плітку. У дварах шматкватэрных дамоў таксама працуем – добраўпарадкоўваем тэрыторыю. Сур’ёзная ўвага надаецца і сварэнню безбар’ернага асяроддзя – робім плаўныя спускі, на вуліцах стала з’яўляцца спецыяльная тактыльная плітка, якая дапамагае арыентавацца ў горадзе людзям з аслабленым зрокам. Такую плітку ўстанаўліваюць у абноўленай паліклініцы, у цэнтральным парку, ля пешаходных пераходаў, на выхадах з пад’ездаў. Для нас важна, каб горад быў зручным для ўсіх яго жыхароў».

Сур’ёзныя пераўтварэнні закранулі і цэнтральны парк. Тут добраўпарадкавалі вадаём: пачысцілі яго, зрабілі адхоны з камянёў, устанавілі два фантаны. Змянілася і тэрыторыя побач з сажалкай – пасадзілі дрэвы, уладкавалі газоны. Зараз працягваецца мантаж цэнтральнай алеі – рабочыя ўкладваюць плітку, устанаўліваюць малыя архітэктурныя формы. «Усе вядучыя прадпрыемствы нашага горада і раёна не засталіся ў баку ад добраўпарадкавання Асіповіч. Яны вырабілі тэматычныя малыя архітэктурныя формы: так у нас з’явіліся вялікія глобусы, свая залатая рыбка, дэкаратыўныя кветнікі. А супрацоўнікі лясгаса зрабілі сапраўдны падарунак для маленькіх жыхароў горада – усталявалі ў парку казачны гарадок», – расказаў Аляксандр Ганчароў.

Яшчэ адно знакавае месца Асіповіч – алея Герояў – таксама змянілася. Тут замянілі помнікі, зрабілі тэматычныя клумбы, замянілі вулічнае асвятленне, зрабілі дарожкі. «Мы хацелі, каб гэтае месца засталося цэнтрам прыцягнення для жыхароў і гасцей нашага горада. І можна сказаць, што ў нас атрымалася зрабіць сучасны комплекс, які прыйшоўся даспадобы жыхарам. Нават у будні дзень сюды прыходзяць людзі», – адзначыў Аляксандр Ганчароў.

Абласныя «Дажынкі» плануецца правесці ў Асіповічах у лістападзе.

БЕЛТА

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая