RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Рамонт школы №2 у Чэрыкаве плануюць завяршыць да пачатку навучальнага года

Паскоранымі тэмпамі працуюць будаўнікі на аб’екце СШ № 2 г. Чэрыкава. Яе капітальны рамонт з мадэрнізацыяй быў пачаты, як і прадугледжвалася нарматыўнай дакументацыяй, у першых чыслах жніўня. Здаць аб’ект планавалася ў канцы кастрычніка (генпадрадчык – ААТ «Пінсксаўгасбуд»).

«Школа ў раёне базавая па спецыяльнай адукацыі. Шэсць яе класаў інтэграванага і спецыяльнага навучання, а з 417 навучэнцаў каля ста дзяцей падвозяць сюды з навакольных вёсак, – распавядае намеснік старшыні Чэрыкаўскага райвыканкама Ларыса Асмалоўская. – На базе СШ № 2 размяшчаецца таксама цэнтр карэкцыйна-развіваючага навучання, дзе займаюцца і дзеці-інваліды».

На перыяд рамонту школы дзяцей планавалася размеркаваць паміж дзвюма іншымі школамі райцэнтра і прафесійна-тэхнічным ліцэем № 11, арганізаваць двухзменную працу гэтых устаноў адукацыі. Што, вядома ж, звязана з немалымі нязручнасцямі для навучэнцаў і іх бацькоў.

4 жніўня школу наведаў старшыня Магілёўскага аблвыканкама Леанід Заяц. Азнаёміўшыся з сітуацыяй, кіраўнік рэгіёна паставіў задачу максімальна актывізаваць будаўніцтва, каб новы навучальны год дзеці сустрэлі ў роднай школе.

Сёння на аб’екце працуюць і будаўнічыя арганізацыі Магілёўшчыны: будтрэст № 17, Магілёўаблсельбуд, Магілёўскі домабудаўнічы камбінат. Задзейнічана шмат тэхнікі. Разам з будаўнікамі тут жа працуюць педагогі.

Праводзіцца замена дашчаных падлог на плітку, усіх унутраных дзвярных блокаў, рамантуецца дах, змяняецца электраправодка, сістэма каналізацыі, вядзецца капітальны рамонт харчаблока, спартыўнай залы, шэрагу навучальных кабінетаў і іншых памяшканняў. Добраўпарадкоўваецца дваровая тэрыторыя, здымаецца старое асфальтавае пакрыццё, укладваецца плітка.

«Штодня працуе каля трохсот чалавек, – канстатуе кіраўнік будоўлі, галоўны інжынер Магілёўскага абласнога ўпраўлення капітальным будаўніцтвам Ягор Шчанаў. – Людзі працуюць практычна ўвесь светлавы дзень, без выхадных».

Ягор Шчанаў узначальвае і штаб, які ажыццяўляе кіраўніцтва будаўніцтвам. У яго складзе куратар ад ААТ «Пінсксаўгасбуд» Аляксандар Шыманец, прадстаўнікі ТАА «Кансалтынг-строй», якое ажыццяўляе тэхнічны нагляд за якасцю работ, намеснік старшыні райвыканкама Ларыса Асмалоўская, іншыя адказныя работнікі.

«Робім усё для таго, каб вырашыць пастаўленую перад намі задачу», – запэўнівае начальнік штаба.

mogilevnews.by

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая