RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Раённы Дом культуры адкрылі пасля рэканструкцыі ў Чавусах

У Чавусах сёння пасля рэканструкцыі адкрыўся раённы Дом культуры. Захаваўшы знешняе гістарычнае аблічча канца 50-х гадоў, будынак стаў падарункам жыхарам райцэнтра да 95-годдзя Чавускага раёна і 75-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

Работы па рэканструкцыі будынка і добраўпарадкаванні прылеглай тэрыторыі вяліся паўтара года. Цяпер абноўлены Дом культуры адпавядае сучасным патрабаванням і нормам, што прад’яўляюцца да ўстаноў культуры. Тут створаны ўсе ўмовы для правядзення раённых культурна-масавых мерапрыемстваў, працы клубаў і аматарскіх аб’яднанняў, вольнага часу насельніцтва.

Плошча будынка значна павялічылася за кошт двухпавярховай прыбудовы і складае зараз больш за 2 тыс. кв. м. Новая глядзельная зала разлічана на 380 пасадачных месцаў. Стала большай сцэна. Створана спецыяльная пляцоўка для рэпетыцый. Пад касцюмерную і грымёркі для артыстаў адвялі дапаможныя памяшканні, а дэкарацыі спусцілі ў цокальны паверх. У Доме культуры таксама ёсць танцпол для правядзення дыскатэк і зала для заняткаў харэаграфіяй. Устаноўлена сучаснае музычнае і відэаабсталяванне. На першым паверсе абсталяваны буфет. Акрамя таго, некалькі кабінетаў у абноўленым будынку зойме цэнтральная раённая бібліятэка.

Перад Домам культуры добраўпарадкавалі пешаходную зону. Тут усталявалі лаўкі для адпачынку, а за будынкам,у Ратушным скверы, з’явіўся забаўляльны комплекс, які ўключае арэлі, атракцыёны, горкі, скейт-пляцоўку для дзяцей. Не забыліся і на парковачныя месцы, на бяспечны праезд для пажарнай тэхнікі.

Падчас урачыстага адкрыцця аб’екта намеснік старшыні Магілёўскага аблвыканкама Андрэй Кунцэвіч выказаў упэўненасць, што абноўлены будынак стане цэнтрам творчага жыцця раёна. Работнікі культуры, калектывы, моладзь змогуць на больш высокім узроўні рэалізоўваць свой патэнцыял, адначасова захоўваючы традыцыі чавускай зямлі і ствараючы нешта новае, сучаснае. «Сённяшняя падзея – яркае сведчанне таго, што развіццё культуры ў нашай краіне, памнажэнне творчай спадчыны народа, умацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы профільных устаноў – у ліку прыярытэтных напрамкаў дзяржаўнай палітыкі», – падкрэсліў ён.

Фота - раённая газета «Іскра»

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая