RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Рэгіянальная акцыя «Цуды на Каляды» фінішавала ў Касцюковічах

Фінал рэгіянальнай дабрачыннай акцыі «Цуды на Каляды» сёння прайшоў у Касцюковічах, паведамілі ў абласным камітэце БРСМ.

Валанцёры руху «Добрае сэрца» наведалі Касцюковіцкі раённы цэнтр карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі, дзе ўручылі яго выхаванцам падарункі, якія збіралі на працягу месяца. «Дарагога варта бачыць радасць і захапленне ў вачах дзяцей, калі збываліся іх мары, – адзначылі суразмоўцы. – Пры выбары падарункаў мы ўлічылі пажаданні дзяцей, якія даслалі нам паштоўкі са сваімі просьбамі. Мы ўпрыгожылі імі навагоднюю ёлку жаданняў у цэнтральным універмагу Магілёва, і ўсе жадаючыя маглі ажыццявіць іх мары. Неабыякавых людзей аказалася нямала, таму падарункі атрымалі ўсе выхаванцы цэнтра. Цацкі, канструктары, развіваючыя гульні, розныя канцтавары мы таксама перадалі ў сацстанову».

Напрыклад, 14-гадовая Анастасія Мурачова атрымала вялікага плюшавага мядзведзя, сямігадовы Сцяпан Новік замовіў піраміду, а Дзмітрый Шыцікаў – вялікі канструктар LEGO. На сённяшні дзень у цэнтры навучаецца 48 дзяцей да 18 гадоў з асаблівасцямі развіцця. Госці таксама падрыхтавалі для выхаванцаў навагоднюю праграму з удзелам Дзеда Мароза і Снягуркі, конкурсы і рухомыя гульні.

Частка сабраных падчас акцыі падарункаў, у асноўным канцылярскія прыналежнасці, перададзеныя і ў Слаўгарадскі дзіцячы дом сямейнага тыпу для шматдзетнай сям’і Ціханавых, якая выхоўвае шасцярых дзяцей.

Святочныя праграмы акцыі «Цуды на Каляды» прайшлі ва ўсіх раёнах вобласці. Валанцёры руху БРСМ «Добрае сэрца» і цімураўцы БРПА праводзілі конкурсы, адрасныя віншаванні для выхаванцаў дзіцячых дамоў, школ-інтэрнатаў, прыёмнікаў-размеркавальнікаў, прытулкаў для дзяцей-сірот, дзяцей-інвалідаў, дзяцей з абмежаванымі магчымасцямі, дзяцей, якія знаходзяцца ў рэабілітацыйных цэнтрах, бальніцах. Акрамя таго, акцыя ўключала збор спортінвентара, канцылярскіх тавараў, прадметаў для мастацкай творчасці, настольных гульняў, цацак, кніг для дзіцячых сацыяльных устаноў.

Дабрачынная акцыя «Цуды на Каляды» з’яўляецца рэспубліканскай. Нязменныя арганізатары праекта – БРСМ і Беларуская рэспубліканская піянерская арганізацыя. Сімвалам акцыі з’яўляецца чырвоная рукавічка, а своеасаблівай візітоўкай – Ёлка жаданняў.

БЕЛТА

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая