RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Рэспубліканская акцыя Федэрацыі прафсаюзаў «Мы – разам!» пройдзе 29 ліпеня ў Глуску

Рэспубліканская народна-патрыятычная акцыя Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі «Мы – разам!» наведае Магілёўшчыну. Вялікі святочны канцэрт пад лозунгам «За Беларусь!» адбудзецца 29 ліпеня а 18.00 у Цэнтры культуры і вольнага часу «Орион» Глуска.

«Мы – разам!» – вядомая і любімая ўсімі беларусамі прафсаюзная акцыя, якая атрымала прызнанне на самым высокім дзяржаўным узроўні. Так, у 2019 годзе праект удастоены спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь дзеячам культуры і мастацтва. Галоўная мэта акцыі–аб’яднаць людзей, зрабіць іх салідарнымі.

Асаблівая ўвага падчас акцыі па традыцыі будзе нададзена людзям, якімі ганарыцца раён, –прадстаўнікам працоўных дынастый, спартсменам, таленавітым дзецям. У Глуску адзначаць медработнікаў – старшую медсястру і старшыню прафкама УАЗ «Глуская ЦРБ імя заслужанага ўрача БССР А. С. Сямёнава» Галіну Міхайлёнак, галоўнага санітарнага ўрача УАЗ «Глускі РЦГЭ» Рамана Пускіна, санітарку стацыянара УАЗ «Глуская ЦРБ імя заслужанага ўрача БССР А. С. Сямёнава» Алену Кастунову, фельчара выязной брыгады хуткай медыцынскай дапамогі Наталлю Жынько.

Цырымонію ўшанавання дапоўняць выступленні беларускіх выканаўцаў. Для жыхароў Глуска праспявае народны артыст Беларусі Анатоль Ярмоленка і заслужаны калектыў – ансамбль «Сябры». Таксама на сцэну выйдуць Вольга Плотнікава, група «БайСіці», шоу-балет «Феерыя» і фіналісты конкурсу «Новыя імёны Беларусі» Мікалай Гамераў, Вольга Любавіна, Руслан Рагалевіч. Дарэчы, самыя актыўныя гледачы атрымаюць ад зорак эстрады сімвал народна-патрыятычнай акцыі – сувенір у выглядзе белага бусла з васільком і сэрцайкам.

Рэспубліканская народна-патрыятычная акцыя Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі «Мы – разам!» стартавала ў 2015 годзе і паспела пабываць ва ўсіх населеных пунктах краіны. Усяго адбылося больш за 180 канцэртаў, у якіх прыняло ўдзел больш за 500 тыс.беларусаў.

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая