RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Рэспубліканскі фестываль нацыянальнай драматургіі ў Бабруйску: у конкурснай праграме будзе прадстаўлена 12 спектакляў

VII Рэспубліканскі фестываль нацыянальнай драматургіі імя В. І. Дуніна-Марцінкевіча пройдзе ў Бабруйску з 1 па 6 лістапада. Пра гэта паведамілі ў гарвыканкаме.

Да ўдзелу запрошаны прафесійныя тэатральныя калектывы, у тым ліку замежныя. Асаблівасць фестывалю ў тым, што яго праграма складаецца выключна з твораў беларускіх аўтараў. У конкурсе прыме ўдзел 12 спектакляў ад 11 тэатраў: «Сымон-музыка» Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Я. Коласа, «Ляцелі арэлі» Гомельскага гарадскога Моладзевага тэатра, «Музыка вуліц» Нацыянальнага Цэнтра сучасных мастацтваў, «Опіум» Цэнтра візуальных і выканальніцкіх мастацтваў «Арт-Карпарэйшн», «Тата, ты мяне любіў?» Кіеўскага акадэмічнага тэатра «Залатыя вароты», «Серэнада над далінай» Камернага драматычнага тэатра Волагды (Расія), «Лондан» Пермскага тэатра юнага гледача, «Ураджай» Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Я. Купалы, «Сіртакі» Магілёўскага абласнога тэатра драмы і камедыі імя В. І. Дуніна-Марцінкевіча (Бабруйск), «Гэта ўсё яна» і «Сірожа» Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі, незалежны тэатральны праект «ГэтаМы». Яны будуць прадстаўлены ў конкурснай праграме «Спектакль тэатра драмы».

У пазаконкурснай праграме ўдзельнічаюць спектаклі «Не пакідай мяне» Калужскага абласнога тэатра юнага гледача, «Два пярсцёнкі» Тэатра Post (Санкт-Пецярбург), «Моня» Тэатра Адэскага разліву «Ланжеронъ».

Традыцыйна праграма фестывалю ўключае творчую лабараторыю: чыткі п’ес, лекцыі і прэзентацыі, якія праводзяцца пры падтрымцы Цэнтра беларускай драматургіі і Цэнтра эксперыментальнай рэжысуры. Творчая лабараторыя садзейнічае пошуку новых маладых таленавітых аўтараў у розных жанрах тэатральнага майстэрства, папулярызацыі твораў беларускіх драматургаў у краіне і за яе межамі, прыцягненню ўвагі да творчасці айчынных аўтараў, пашырэнню рэпертуарнай палітры маладых артыстаў.

У творчай лабараторыі прыме ўдзел дзяржаўны драматычны тэатр імя Эрыставі (г. Горы, Грузія) са спектаклем «Ты знойдзеш Алісу пад старым снегам».

Фестываль нацыянальнай драматургі – магчымасць убачыць цікавыя праекты і таленавітыя пастаноўкі, гэта знаёмства з творчасцю беларускіх аўтараў сучаснай і класічнай драматургіі, прывабліванне ў фестывальны працэс і супрацоўніцтва з беларускімі драматургамі прафесійных тэатраў Беларусі і блізкага замежжа.

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая