RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Самба і лёгкая атлетыка: два сярэбраныя медалі II Еўрапейскіх гульняў выйгралі спартсмены Магілёўскай вобласці

Трэці спаборніцкі дзень II Еўрапейскіх гульняў у Мінску стаў медальным для ўраджэнцаў Магілёўшчыны. На гэты раз нашым спартсменам удалося заваяваць дзве сярэбраныя ўзнагароды, перадае карэспандэнт сайта.

Зноў парадавалі заўзятараў беларускія самбісты, якія заваявалі сёння адно золата, тры срэбра і чатыры бронзы. У ліку ўладальнікаў запаветных кругляшоў – бабруйчанін Андрэй Казусёнак. У вагавой катэгорыі да 90 кг ён стаў другім. Шлях да фіналу наш зямляк прайшоў вытанчана і ўпэўнена, перамогшы ўсіх сваіх сапернікаў. У вырашальнай сутычцы за найвышэйшую ўзнагароду ён саступіў расіяніну, неаднаразоваму чэмпіёну свету Сяргею Рабаву.

Тысячныя долі секунды аддзялілі ўраджэнку Клімаўшчыны Крысціну Ціманоўскую ад залатога медаля ў бегу на 100 м на II Еўрапейскіх гульнях. З вынікам 11.36 сек. яна фінішавала другой. Вікторыю святкавала славенка Мая Міхалінец. Бронзу з вынікам 11.61 сек. выйграла грачанка Рафаілія Спанудакі.

Нагадаем: папярэдні спаборніцкі дзень Еўрагульняў таксама прынёс медалі нашым спартсменам. Прадстаўнікі Магілёўшчыны заваявалі па адным золаце і срэбры, дзве бронзы.

Усяго ў актыве беларускіх атлетаў 34 узнагароды (10 залатых, 9 сярэбраных, 15 бронзавых), яны займаюць другое месца ў агульнакамандным медальным заліку, саступаючы толькі расіянам, у якіх 39 медалёў (19, 10, 10).

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая