RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Сістэмная работа са зваротамі грамадзян дазваляе аператыўна вырашаць праблемы людзей – Міхаіл Русы

Сістэмная работа са зваротамі грамадзян дазваляе аператыўна вырашаць праблемы людзей. Пра гэта заявіў сёння журналістам пасля правядзення прыёму грамадзян у Слаўгарадскім райвыканкаме намеснік прэм’ер-міністра Беларусі Міхаіл Русы.

 

Паводле слоў віцэ-прэм’ера, большасць праблемных пытанняў людзей ляжыць у плоскасці рашэння мясцовых органаў улады, а часта людзям проста трэба больш надаць увагі, спакойна растлумачыць тую ці іншую сітуацыю, нейкае пытанне з пункту гледжання існуючага заканадаўства і магчымасцей у рэгіёне або ў краіне. «Людзі на прыёмы прыходзяць розныя, нам трэба быць больш памяркоўнымі, лішні раз звярнуць увагу і падтрымаць у вырашэнні іх праблем», – падкрэсліў Міхаіл Русы.

Сёння на прыём прыйшла мясцовая жыхарка з пытаннем аб добраўпарадкаванні вуліцы Камсамольскай. Акрамя таго, жанчына звярнула ўвагу на неабходнасць адвядзення ад яе ўчастка дажджавых сцёкаў крамы, якая знаходзіцца побач. Старшыня райвыканкама Канстанцін Жыгуцкі паабяцаў правесці рамонт дарожнага пакрыцця на гэтай вуліцы, завяршыць уладкаванне водаадвядзення і разгледзець магчымасць стварэння каля крамы водапрыёмніка, каб вуліцу не залівала падчас дажджоў. У сваю чаргу Міхаіл Русы паабяцаў пракантраляваць выкананне дадзеных абяцанняў і ў наступны свой прыезд асабіста пабываць на вуліцы Камсамольскай, пагутарыць з мясцовымі жыхарамі.

На думку Міхаіла Русага, сустрэчы з кіраўнікамі і людзьмі на месцах эфектыўныя. «Гэта трэба рабіць, каб бачыць рэальную карціну жыцця, – мяркуе ён. – Здавалася б, людзі звяртаюцца не з такімі значнымі ў маштабе краіны пытаннямі, але для гэтага чалавека яны з’яўляюцца вельмі адчувальнымі. І, вырашаючы аператыўна праблемы людзей, мы здымаем пэўную сацыяльную напружанасць у грамадстве», – лічыць намеснік прэм’ер-міністра.

Ён таксама звярнуў увагу на неабходнасць у вырашэнні пытанняў добраўпарадкавання больш актыўна прыцягваць мясцовых жыхароў. «Людзі і самі павінны клапаціцца аб чысціні і парадку каля сваіх домаўладанняў, і мясцовым органам улады трэба смялей ад іх патрабаваць вырашаць гэтыя пытанні ўласнымі сіламі», – сказаў Міхаіл Русы.

БЕЛТА

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая