RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Спартсмены Магілёўскай вобласці заваявалі дзесяць медалёў на турніры па дзюдо памяці Андрэя Мельнікава

Спартсмены Магілёўскай вобласці заваявалі дзесяць медалёў на адкрытым XXVI традыцыйным турніры па дзюдо памяці воіна-інтэрнацыяналіста, Героя Савецкага Саюза Андрэя Мельнікава.

У скарбонку рэгіёна дзюдаісты паклалі 2 залатыя, 1 сярэбраную і 7 бронзавых узнагарод. Аднак запаветных «кругляшоў» аказалася недастаткова, каб зборнай Прыдняпроўскага краю падняцца на п’едэстал гонару ў агульнакамандным заліку. Усяго шэсць ачкоў аддзялілі Магілёўшчыну ад трэцяга месца і пакінулі яе на крыўдным чацвёртым. Перамогу атрымалі прадстаўнікі Гомельскай вобласці (63,5 бала). Другое месца занялі спартсмены Мінска (63,5), трэцяе – Мінскай вобласці (56).

Найлепшы вынік сярод юніёраў прадэманстравалі сталічныя дзюдаісты (43 балы). Серабро дасталася Мінскай вобласці (28,5). Медалі з бронзавым адлівам аказаліся ў руках нашай дружыны (21,5). З «драўляным» вынікам фінішавалі спартсмены Віцебшчыны (19). У жаночым заліку наймацнейшай прызнана каманда Гомельскай вобласці (46 ачкоў). На другім месцы аказаліся спартсменкі Прыдняпроўскага краю (28,5). Трэцімі сталі дзяўчаты з Мінскай вобласці (24). Прадстаўніцы Мінска завяршылі выступленне на чацвёртым радку ў выніковым пратаколе (20,5).

Сярод мужчын ва ўпартых сутычках золата заваявалі Уладзіслаў Дзвонік (55 кг, Мінск), Руслан Галавачоў (60 кг, Мінск), Дзмітрый Мужайла (66 кг, Орша), Ягор Трухан (73 кг, Гомель), Раман Ляшок (81 кг, Мінск), Аляксандр Сідорык (90 кг, Брэст), Аляксандр Тарасевіч (100 кг, Мінская вобласць), Дзмітрый Хахлоў (звыш 100 кг, Бабруйск).

У дзяўчат наймацнейшымі сталі Ангеліна Стрыгун (44 кг, Магілёў), Ганна Буракова (48 кг, Чачэрск), Паліна Слесарэнка (52 кг, Гомель), Валерыя Баравік (57 кг, Мінская вобласць), Дар’я Грыгаровіч (63 кг, Хойнікі), Жанна Асіповіч (70 кг, Смаргонь), Аліна Пасталоўская (78 кг, Менск), Яна Гойгель (звыш 78 кг, Жодзіна).

Традыцыйны XXVI турнір па дзюдо памяці воіна-інтэрнацыяналіста, Героя Савецкага Саюза Андрэя Мельнікава праходзіў 24-26 студзеня ў Магілёўскім спартыўным комплексе «Алімпіец». Спаборніцтвы сабралі спартсменаў 1999-2003 года нараджэння з усіх рэгіёнаў Беларусі і горада Мінска. Усяго за месцы на п’едэстале змагаліся больш за 110 юнакоў і дзяўчат у васьмі вагавых катэгорыях.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая