RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Старшыня Магілёўскага аблвыканкама Леанід Заяц правёў прыём грамадзян па асабістых пытаннях

Старшыня Магілёўскага аблвыканкама Леанід Заяц сёння правёў прыём грамадзян па асабістых пытаннях.

Разбірацца давялося ў самых розных праблемах. Напрыклад, у канфлікце інтарэсаў. Старшыня таварыства ўласнікаў «Векавыя» Вікторыя Калдыбаева ад імя жыхароў шматкватэрнага дома выступае супраць таго, каб індывідуальны прадпрымальнік Пруднікаў арганізоўваў камерцыйную дзейнасць у гэтым будынку. Маўляў, у гэтым выпадку будзе закранута агульная маёмасць жыхароў.

У той жа час Алена Лушчыкава, якая прадстаўляла інтарэсы Пруднікава, расказала аб адмове праектных арганізацый зрабіць праект рэканструкцыі памяшкання. Між тым толькі пасля праектных работ стане зразумела, ушчамляюцца ці не інтарэсы жыхароў. І, адпаведна, патрабуецца згода уладальнікаў кватэр на тое, каб ІП выкарыстаў частку дома ў камерцыйных мэтах. У выніку вырашылі так: для пачатку будзе зроблены канкрэтны праект, і толькі пасля гэтага можна будзе расставіць усе кропкі над «і».

Членам садаводнага таварыства «Хімік-2» не пазайздросціш: іх участкі пасля моцных ліўняў затапляе, прычым вада ідзе з блізкага поля. Яшчэ ў мінулым годзе людзі звярталіся ў аблвыканкам па дапамогу. Тады было сказана, што ўлада прыдумае, як вырашыць пытанне. Але людзей турбуе, што пакуль ніхто нічога так і не зрабіў. Зрэшты, як аказалася, справа з мёртвай кропкі ўсё ж такі зрушылася. Ёсць праект. Цяпер яго – як і адвядзенне зямлі – трэба ўзгадніць на розных узроўнях, пасля чаго ўлада адшукае патрэбную суму(а гэта больш за Br 600 тыс.) і праблема тых, хто пабудаваў дачныя домікі ў СТ «Хімік-2», будзе вырашана. Хутчэй за ўсё, гэта адбудзецца да канца года.
Мінчанка Марыя Ганчар атрымала ў спадчыну ўчастак у аграгарадку Палыкавічы, размешчаным непадалёк ад Магілёва. Але пабудаваць там нічога не можа. 10 сотак прызначана для вядзення асабістай падсобнай гаспадаркі, і толькі. Марыя Міхайлаўна прасіла змяніць мэтавае прызначэнне зямлі на «Для будаўніцтва і абслугоўвання жылога дома». Але вось няўдача: падобнае «перапрафіляванне» у краіне не робіцца. Бываюць выключэнні, але толькі ў самым крайнім выпадку, калі маюцца вельмі важкія прычыны: напрыклад, чалавеку проста няма дзе жыць. А да катэгорыі маючых патрэбу ў жыллі жанчыну не аднясеш: у яе ёсць кватэра ў Мінску. Таму ў просьбе ёй было адмоўлена.

Падсумоўваючы выслуханыя гісторыі, Леанід Заяц падкрэсліў: дапамога людзям, вядома ж, павінна аказвацца, але толькі ў межах закона.

Павел Мінчанка, СБ

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая