RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Сучасныя групы, утульныя залы і кабінеты для творчасці – у Слаўгарадзе адкрылі новы дзіцячы сад

У Слаўгарадзе сёння адкрылі новы дзіцячы сад. Дашкольная ўстанова размясцілася ў новым мікрараёне горада на вуліцы Калініна. Урачыстае мерапрыемства прымеркавана да вызвалення Слаўгарадскага раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

Новы будынак –двухпавярховы, больш за 1 тыс. кв. м. Дзіцячы садок разлічаны на 75 месцаў, тут будуць працаваць 4 групы, адна з якіх – інтэграваная. Месца пабудовы новай дашкольнай установы абрана не выпадкова:яна размясцілася ў новым мікрараёне Слаўгарада, які хутка развіваецца. Як расказала жыхарка горада Кацярына Мельнікава, тут жыве шмат маладых сем’яў і садок неабходны ў крокавай даступнасці.

«Год таму я звярнулася да старшыні Магілёўскага аблвыканкама Леаніда Зайца падчас сустрэчы з ліквідатарамі наступстваў на Чарнобыльскай АЭС. Тады я агучыла просьбу многіх жыхароў нашага горада:нам патрэбны быў новы дзіцячы садок, – расказвае жанчына. – Прыемна, што нашу просьбу не проста пачулі, а выканалі ў самыя кароткія тэрміны. Я ўсё жыццё прапрацавала ў адукацыі, чула ад многіх сяброў і знаёмых, што ім патрэбен садок. Вось я сабрала ўсе гэтыя меркаванні і звярнулася на сустрэчы да старшыні. Мы і ўявіць не маглі, што атрымаецца такая прыгажосць. Ды яшчэ так хутка. Цяпер нашы дзеткі будуць у сучасных і камфортных умовах. Хочацца падзякаваць усім за такі патрэбны, а галоўнае –важны для ўсяго горада падарунак».

У новым дзіцячым садку размясціліся залы для фізкультурных і музычных заняткаў, кабінет дзіцячай творчасці, дзе ёсць абсталяванне для малявання, лепкі. Тут жа можна будзе гуляць з развівальным канструктарам, займацца вышываннем.

«У далейшым плануем адкрыць інтэграваную групу для дзяцей з цяжкімі парушэннямі маўлення. Ім будзе аказана псіхалагічная і дэфекталагічная дапамога. Спецыялісты гэтага профілю ў штаце ёсць, яны працуюць з дзецьмі па спецыяльных праграмах, – расказала загадчык ДУА «Яслі-сад № 2 г. Слаўгарада» Алена Галянкова.– Сад пабудаваны па сучасных патрабаваннях санітарных нормаў і правілаў. З новага –бацькоўскі пакой, кабінет псіхолага, дзіцячай творчасці, дзе малыя будуць развіваць свае таленты і здольнасці. Яшчэ ёсць пакой народнай творчасці, дзе будзем прывіваць дзецям беларускую культуру, традыцыі і звычаі».

Цяпер у Слаўгарадзе працуе 4 дашкольныя ўстановы, а ўсяго ў раёне іх 8. У іх выхоўваецца больш за 500 дашкалят.

«Сёння Магілёўшчына –рэгіён, які дынамічна развіваецца. І мне вельмі радасна, што ў гэтым раёне з’явіўся новы будынак, які не толькі ўпрыгожыць Слаўгарадскую зямлю, але і будзе прыносіць вялікую карысць людзям. Хочацца выказаць словы падзякі ўсім тым, хто працаваў над узвядзеннем гэтага будынка. Хочацца пажадаць творчых поспехаў працоўнаму калектыву, які тут будзе выхоўваць нашых дзетак. Добра, калі першыя крокі маленькага чалавека пачынаюцца з камфортных і добрых умоў», – сказаў памочнік Прэзідэнта–інспектар па Магілёўскай вобласці Леанід Мартынюк.

Як адзначыў старшыня Слаўгарадскага райвыканкама Сяргей Міхалюта, адкрыццё новага дзіцячага садка –адзін з этапаў рэалізацыі Праграмы развіцця паўднёва-ўсходніх рэгіёнаў Магілёўскай вобласці. «Дзіцячы сад быў вельмі неабходны новаму мікрараёну. Гэты аб’ект з’яўляецца працягам рэалізацыі ўказа №235 аб развіцці паўднёва-ўсходніх рэгіёнаў Магілёўскай вобласці, і гэта ўсяго толькі адзін з пабудаваных аб’ектаў сёлета. Адкрылі лінію па разліве мёду на «Чырвоным харчавіку», пабудавалі дом на 32 кватэры, у найбліжэйшы час будзе здадзены ў эксплуатацыю 20-кватэрны дом. І сярод навасёлаў –шматдзетныя сем’і, – адзначыў Сяргей Міхалюта. – Мы набралі сур’ёзныя абароты ў сваёй працы і не збіраемся іх змяншаць. На наступны год у нас таксама амбіцыйныя планы–рэканструкцыя і мадэрнізацыя раённай бальніцы, якая была пабудавана ў 1975 годзе і да гэтага часу не ведала сур’ёзнага рамонту. Ужо праводзім таргі па капітальным рамонце дзвюх школ, адна сельская, у аграгарадку Лапацічы, другая –гарадская СШ №2. Дзяржава клапоціцца пра людзей, якія жывуць не толькі ў буйных гарадах, але і малых, аддаленых населеных пунктах. Людзі гэта бачаць і ўдзячныя такой увазе да іх жыцця».

Святочныя мерапрыемствы працягнуцца працай выставачнай экспазіцыі ў цэнтралізаванай сетцы публічных бібліятэк Слаўгарадскага раёна «Слаўгарадчына ў гады Вялікай Айчыннай вайны». На працягу дня ў раённым Доме рамёстваў будзе працаваць выстава народнай творчасці, тут будуць праходзіць разнастайныя майстар-класы. У Слаўгарадскім раённым гісторыка-краязнаўчым музеі пачне працаваць тэматычная выстава «Мінулых гадоў –жывая памяць». Акрамя гэтага, сёння ў мясцовым прафесійным ліцэі адкрыецца тэатральная студыя «Эдэльвейс».

БЕЛТА

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая