Рус Бел Eng 中文

Сумесныя вытворчасці і турызм могуць стаць асновай для ўмацавання супрацоўніцтва паміж Магілёўскай і Сагдыйскай абласцямі

Стварэнне сумесных вытворчасцяў і развіццё ўзаемнага турызму можа стаць перспектыўнай асновай для ўмацавання супрацоўніцтва паміж Магілёўскай і Сагдыйскай (Таджыкістан) абласцямі. Пра гэта ішла размова на сустрэчы намесніка старшыні Магаблвыканкама Валерыя Малашкі са старшынёй Выканаўчага органа дзяржаўнай улады Сагдыйскай вобласці Раджабоем Ахмадзадом.

Валерый Малашка падкрэсліў, што рост тавараабароту паміж Таджыкістанам і нашым рэгіёнам мае станоўчую дынаміку, але партнёрамі не ў поўнай меры задзейнічаны патэнцыял узаемавыгаднага супрацоўніцтва. Таму асноўная задача візіту – выбудаваць канкрэтнае ўзаемадзеянне паміж нашымі прадпрыемствамі як па традыцыйных напрамках (пастаўка поліэфірных валокнаў, шын, сродкаў гігіены), так і па новых.

Намеснік старшыні аблвыканкама звярнуў увагу на неабходнасць пераходу ад гандлю і абмену таварамі да кааперацыі паміж прамысловымі прадпрыемствамі і стварэння сумесных вытворчасцяў. Гэта выгадна, у тым ліку, за кошт геаграфічнага становішча партнёраў. Такая прадукцыя можа быць запатрабавана на шырокім рынку Еўразіі: у Расіі, Турцыі, Афганістане, Кітаі.

«Нас аддзяляе значная адлегласць, але гэта не павінна стаць перашкодай, паколькі эканоміку паставак можна выбудаваць выразна і аптымальна выгадна абодвум бакам, – канстатаваў Валерый Малашка. – Мы папрасілі б вызначыць у вашай вобласці арганізацыю, якая зоймецца прапрацоўкай канкрэтных напрамкаў супрацоўніцтва з Магілёўскім агенцтвам рэгіянальнага развіцця і камітэтам эканомікі аблвыканкама».

Сагдыйская вобласць у Таджыкістане лідзіруе па ўсіх паказчыках: ад эканомікі да культуры. Тут на працягу апошніх гадоў мацнее і развіваецца паспяховая свабодная эканамічная зона «Сугд». Да таго ж, Магілёў і таджыкскі Худжанд (адміністрацыйны цэнтр Сагдыйскай вобласці) – гарады-пабрацімы яшчэ з савецкіх часоў. А ў канцы 2017 года было падпісана пагадненне аб супрацоўніцтве паміж Магілёўскім абласным выканаўчым камітэтам і Выканаўчым органам дзяржаўнай улады Сагдыйскай вобласці. Таму імкненне паглыбляць партнёрства і напаўняць дасягнутыя дамоўленасці канкрэтнымі справамі апраўдана.

«Шляхі ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Таджыкістанам з году ў год умацоўваюцца, знаходзячы новы імпульс і дынамізм. У першую чаргу гэта звязана з мудрай палітыкай лідараў нашых дзяржаў, заснаванай на партнёрстве, узаемаразуменні і ўзаемапавазе, – падкрэсліў Раджабой Ахмадзада. – На гэтай жа аснове будуюцца адносіны паміж рэгіёнамі нашых краін».

Госць адзначыў, што Сагдыйская вобласць славіцца вытворчасцю бавоўны, шоўку, вырошчвае больш за 10 відаў розных відаў садавіны, гародніны, ягад. Штогадовы ўраджай дасягае амаль 1 млн т. Усё гэта можна напрамую пастаўляць на Магілёўшчыну для кансервацыі або стварыць сумесную вытворчасць у Таджыкістане – для гэтага ў краіне ёсць інфраструктура, танная электраэнергія, спецыялісты.

Таджыкскаму боку цікавая беларуская вытворчасць ільняных тканін – у гэтай галіне таксама можна разгледзець варыянты сумесных праектаў. «Мы зацікаўлены ў сумесным з нашымі беларускімі сябрамі прадпрыемстве па вытворчасці бавоўны і выпуску трыкатажу. Хочам у будучыні таксама стварыць сумеснае прадпрыемства па пашыве верхняга адзення з лёну», – растлумачыў кіраўнік Сагдыйскай вобласці.

Ёсць зацікаўленасць у куплі насення бульбы, запазычанні беларускага вопыту развіцця мяса-малочнай жывёлагадоўлі. «У вас ёсць адно, у нас – другое, трэба абменьвацца, каб усім было выгадна», – сказаў на заканчэнне Раджабой Ахмадзада.

Бакі выказалі надзею на развіццё кропкавых кантактаў па галінах, у тым ліку ў сферы турызму, паляўніцтваводства. Вялікія перспектывы ёсць і ў галіне медыцыны, фармацэўтыкі, вытворчасці сельскагаспадарчай тэхнікі, перапрацоўкі мармуру, граніту, вапняку.

У праграме знаходжання ў гасцей з Таджыкістана цэлы шэраг дзелавых сустрэч. Дэлегацыя наведае ААТ «Магатэкс», СЭЗ «Магілёў», дзе адбудзецца прэзентацыя інвестыцыйнай прывабнасці Прыдняпроўскага краю, правядзе перамовы з прадстаўнікамі арганізацый рэгіёна на базе Магілёўскага аддзялення БелГПП.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая