Бялынічы – гэта гучыць літаратурна
Ужо хутка, у першыя выхадныя верасня, у Бялынічах на Магілёўшчыне пройдзе чарговы Дзень беларускага пісьменства. Гасцей свята чакаюць новыя праекты Саюза пісьменнікаў Беларусі, якія ўчора былі прэзентаваныя ў Нацыянальным прэс-цэнтры.
Адно з важных мерапрыемстваў – міжнародны круглы стол. На жаль, абставіны ўнеслі свае карэктывы. Паводле слоў першага намесніка старшыні Саюза пісьменнікаў Беларусі Алены Стэльмах, дыскусіі пройдуць у рэжыме анлайн, жаданне пагаварыць аб аб’яднаўчай ролі мастацкага слова ў неспакойным свеце ўжо выказалі пісьменнікі з дзесяці краін. Зрэшты, арганізатары запэўніваюць: у Бялынічах будзе шмат не толькі віртуальных, але і жывых сустрэч з літаратарамі, аўтограф-сесій, яркіх выступленняў.
Інтрыга свята – уручэнне Нацыянальнай літаратурнай прэміі. Сёлета, на жаль, зноў не знайшлося лаўрэата ў намінацыі «Драматургія», але ў іншых канкурэнцыя аказалася вельмі сур’ёзнай. Сакрэты журы раскрые ўжо ў найбліжэйшы час.
Сярод фішак – узнагароджанне пераможцаў конкурсу буктрэйлераў. Гэта выдатны крэатыўны праект, які дапаможа выдавецтвам у прасоўванні беларускай кнігі. Тэмамі конкурсу, у якім прыняла ўдзел моладзь з усёй краіны, сталі Вялікая Айчынная вайна і Год малой радзімы.
– Свята ў Бялынічах яднае ўсіх нас, тых, хто любіць беларускую культуру, хто паважае беларускую літаратуру. Літаратура – гэта тое, адкуль мы даведваемся пра нашу гісторыю, тое, што стварае нашу свядомасць, уплывае на нашы жыццёвыя каштоўнасці, тое, што павінна спрыяць усталяванню міру, спакаю, спагады, – лічыць Алена Стэльмах.
Уручэнне Нацыянальнай літаратурнай прэміі – адна з інтрыг будучага Дня беларускага пісьменства.
Пра тое, як рыхтуюцца Бялынічы да свята, расказаў Аляксандр Казека, старшыня Магілёўскага абласнога аддзялення СПБ:
– Праект «Я – часцінка радзімы маёй» паставіць песні на вершы i музыку магілёўскіх аўтараў. Гэта будзе вялікі, змястоўны канцэрт. Атрымалі пісьменнікі Магілёўшчыны i падарунак ад «Белпошты» – дзесяць паштовак з выявамі мясцовых літаратараў, якія можна будзе займець падчас свята.
Бялынічы, па словах Аляксандра Казекі, змяніліся, папрыгажэлі: перабудаваны цэнтр горада, падрыхтаваны новыя пляцоўкі для выступленняў.
Таямніцай асаблівага падарунка ўдзельнікам і гасцям свята падзяліўся старшыня Мінскага гарадскога аддзялення СПБ Міхаіл Пазнякоў. Гэта адкрыццё пятага сезона тэатра паэзіі, які дзейнічае пры аддзяленні. Яго галоўная мінская пляцоўка – Цэнтральная бібліятэка імя Янкі Купалы. Гледачы ў Бялынічах убачаць і пачуюць паэтычна-музычную кампазіцыю тэатра «Радзіма мая дарагая».
Міхаіл Паўлавіч заклікаў звярнуць увагу не толькі на выступленні вядомых пісьменнікаў, але і на таленавітую літаратурную моладзь. У тым ліку на тых, хто займаецца ў Школе юнага паэта і Школе юнага празаіка пры Мінскім гарадскім аддзяленні, выдаецца ў серыі «Мінскія маладыя галасы». Кніга аднаго з такіх аўтараў – Вольгі Нікіценка – сёлета прэтэндуе на Нацыянальную літаратурную прэмію ў намінацыі «Дэбют».
Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая
24.02.2025 - 09:33
Магілёўскі драмтэатр: на многія пастаноўкі форуму «М.@rt кантакт — 2025» білеты амаль распрададзены
20.02.2025 - 10:34
Новыя падрабязнасці пра тэатральны форум «M.@rt кантакт»-2025
19.02.2025 - 12:16
Спектакль «Сабачае сэрца» пермскага тэатра паказалі ў Магілёве