Рус Бел Eng 中文

Тэатры Магілёўскай вобласці адзначаны ўзнагародамі V Рэспубліканскага конкурсу тэатральнага мастацтва «Нацыянальная тэатральная прэмія»

Тэатры Магілёўскай вобласці адзначаны ўзнагародамі V Рэспубліканскага конкурсу тэатральнага мастацтва «Нацыянальная тэатральная прэмія». Цырымонія ўзнагароджання адбылася ў Купалаўскім тэатры ў Мінску.

Так, найлепшай пастаноўкай па творы беларускага аўтара стаў спектакль «Кропкі па часовай восі» Магілёўскага абласнога тэатра драмы і камедыі імя В. І. Дуніна-Марцінкевіча (Бабруйск).

Сцэна са спектакля «Кропкі на часовай восі». Фота: babruysk.by

«Дзякую Дзмітрыю Багаслаўскаму за выдатную п’есу, пастановачную групу ў асобе Валянціны Праўдзінай, Станіслава Савосціна і Валерыя Султанава, а таксама ўсяму Бабруйскаму тэатру за працу і бязмежны давер», – сказала рэжысёр-пастаноўшчык спектакля Таццяна Траяновіч.

Спектакль «Кропкі на часовай восі» паводле п’есы аднаго з вядомых і паспяховых маладых беларускіх драматургаў Дзмітрыя Багаслаўскага паставіла запрошаная група з Мінска на чале з кіраўніком Цэнтра эксперыментальнай рэжысуры Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў Таццянай Траяновіч. У працы над спектаклем была занята вялікая частка Бабруйскай трупы. Упершыню п’еса прэзентавалася на фестывалі сучаснай драматургіі WriteBox у 2016 годзе. У аснове аўтарскага тэксту – дакументальныя фатаграфіі, знятыя ў розныя адрэзкі часу, пачынаючы з Першай сусветнай вайны і ў розных частках зямлі – ад Кітая да Венесуэлы. Здымкі становяцца адпраўнымі пунктамі для дзесяці людскіх гісторый пра пераломныя моманты жыцця, што патрабуюць прыняцця важнага рашэння, якое змяняе чалавека і ўспрыманне сэнсу жыцця. Асноўная ідэя і пасыл спектакля – вера ў чалавека, асэнсаванасць і прыгажосць яго існавання.

На тытул «Найлепшая пастаноўка па творы беларускага аўтара» прэтэндавалі таксама работы Мінскага абласнога драматычнага тэатра, Брэсцкага акадэмічнага тэатра драмы імя Ленінскага камсамола Беларусі, Гомельскага гарадскога Моладзевага тэатра, цэнтра візуальных і выканальніцкіх мастацтваў «АРТ Карпарэйшн», Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы, Магілёўскага абласнога драматычнага тэатра.

У намінацыі «Найлепшая праца сцэнографа ў тэатры драмы» ўзнагародзілі Валянціна Праўдзіна – спектакль «Кропкі на часовай восі» (Магілёўскі абласны тэатр драмы і камедыі імя В. І. Дуніна-Марцінкевіча).

Найлепшым спектаклем для дзяцей і юнацтва V Рэспубліканскага конкурсу тэатральнага мастацтва «Нацыянальная тэатральная прэмія» стала «Калядная гісторыя» Беларускага дзяржаўнага тэатра лялек. Аўтар інсцэніроўкі і рэжысёр-пастаноўшчык «Каляднай гісторыі» паводле Чарльза Дыкенса – галоўны рэжысёр Магілёўскага абласнога тэатра лялек Ігар Казакоў. Ён адзначае, што гэтая пастаноўка далёкая ад стандартных навагодніх спектакляў, яна прымушае задумацца і дзяцей, і дарослых. У цэнтры сюжэту – замкнёны і самотны Эбінейзер Скрудж, які ненавідзіць Каляды. Сквапны Стары перакананы, што і ў гэтыя дні неабходна абавязкова атрымліваць выгаду, а не весяліцца. Таму і адхіляе запрашэнне свайго пляменніка правесці Куццю разам з яго сям’ёй. Аднак Каляднае чараўніцтва падпаліць нават яго заледзянелае сэрца.

Нацыянальнай тэатральнай прэміі «За ўклад у развіццё тэатральнага мастацтва Беларусі» ўдастоены дырэктар Магілёўскага абласнога драматычнага тэатра Андрэй Новікаў.

V Рэспубліканскі конкурс тэатральнага мастацтва «Нацыянальная тэатральная прэмія» праводзіўся з 2 кастрычніка па 21 снежня. Усяго ў адборачных турах прыняло ўдзел 107 спектакляў, у фінал прайшло 48 пастановак. Сёлета з’явіліся дзве новыя намінацыі: «Найлепшы эксперыментальны спектакль» і «Найлепшы спектакль тэатра драмы малой формы». Арганізатарамі конкурсу выступаюць Міністэрства культуры і Мінгарвыканкам. Нацыянальная тэатральная прэмія ўручаецца з 2010 года. Конкурс праводзіцца раз на два гады.

Па матэрыялах БЕЛТА

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая