Рус Бел Eng 中文

Тэрмін платы за цяпло і газ па поўных тарыфах для не занятых у эканоміцы пераносіцца на 1 мая 2020 года

Тэрмін аплаты працаздольнымі грамадзянамі, не занятымі ў эканоміцы, асобных камунальных паслуг па цэнах (тарыфах), што забяспечваюць поўнае кампенсаванне эканамічна абгрунтаваных затрат на іх аказанне пераносіцца на 1 мая 2020 года. Гэта прадугледжана пастановай урада нумар 682 ад 7 кастрычніка 2019 года, паведаміў журналістам першы намеснік міністра працы і сацыяльнай абароны Беларусі Андрэй Лабовіч.

«Тэрмін увядзення аплаты паслуг цеплазабеспячэння, газазабеспячэння пры наяўнасці індывідуальных газавых абагравальных прыбораў па такіх цэнах (тарыфах) пераносіцца на 1 мая 2020 года», - сказаў Андрэй Лабовіч.

Такое рашэнне прынята ў мэтах недапушчэння неабгрунтаваных выпадкаў налічэння павялічанай платы за названыя паслугі грамадзянам.

Звесткі для фарміравання базы грамадзян, не занятых у эканоміцы, паступаюць амаль з 50 крыніц. У сувязі з гэтым неабходна забяспечыць правядзенне дадатковых мерапрыемстваў па актуалізацыі звестак, што змешчаны ў ведамасных інфармацыйных рэсурсах.

Сёння выяўлена патрэбнасць у дапрацоўцы сістэмы ўліку спажыўцоў газу, а менавіта правядзенне арганізацыйных і тэхнічных мерапрыемстваў, што забяспечваюць аператыўны абмен інфармацыяй.

Як растлумачылі ў прэс-службе Міністэрства энергетыкі, з боку "Белпалівагаза" да 1 мая 2020 года будзе прыняты шэраг тэхнічных і арганізацыйных мер для дапрацоўкі механізма міжведамаснага абмену інфармацыяй. «Гэта трэба, каб звесткі ў інфармацыйных рэсурсах былі карэктнымі і актуальнымі. Таму цяпер праводзяцца тэхнічныя і арганізацыйныя мерапрыемствы, каб адаптаваць сістэмы для абмену інфармацыяй», - удакладнілі ў прэс-службе.

Па поўных тарыфах не занятыя ў эканоміцы кампенсуюць гарачае водазабеспячэнне з 1 студзеня 2019 года, а газазабеспячэнне пры наяўнасці індывідуальных газавых абагравальных прыбораў і цеплазабеспячэнне - павінны былі з 1 кастрычніка бягучага года.

 

БЕЛТА

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая