RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Тыдзень дзіцячай і юнацкай кнігі магілёўскія бібліятэкі правядуць анлайн

Традыцыйны Тыдзень дзіцячай і юнацкай кнігі магілёўскія бібліятэкі гэтым разам правядуць анлайн. Пляцоўкамі для мерапрыемстваў стануць Instagram-акаўнты бібліятэк і сайт установы культуры «Цэнтралізаваная сістэма дзяржаўных публічных бібліятэк горада Магілёва». Пра гэта расказала загадчыца аддзела бібліятэчнага маркетынгу Магілёўскай Цэнтральнай гарадской бібліятэкі імя К. Маркса Алена Шэпелева.

«Тыдзень дзіцячай і юнацкай кнігі ў нашых бібліятэках – традыцыйнае мерапрыемства. І каб сёлета марафон адбыўся, мы перанеслі яго ў Інтэрнэт. Так, ва ўсіх нашых чытачоў будзе магчымасць паўдзельнічаць у інтэрактывах, – падкрэсліла Алена Шэпелева. – Для кожнага дня мы прыдумалі сваю тэматыку і праграму. Гэта будуць майстар-класы, анлайн-чытанне казак, флэш-мобы і сустрэчы з пісьменнікамі».

Сёння юных чытачоў будуць чакаць сустрэчы з пісьменнікамі. «У 11.00 у прамы эфір са свайго Instagram-акаўнта выйдзе дзіцячы пісьменнік і казачнік Валянцін Поснікаў. А ў 15.00 з гледачамі і слухачамі пагутарыць магілёўская дзіцячая пісьменніца Жанна Міус. Трансляцыя будзе праходзіць з акаўнта дзіцячай бібліятэкі імя А. С. Пушкіна», – падзялілася Алена Шэпелева.

1 красавіка, па традыцыі, будзе прысвечана Дню смеху. У гэты дзень для юных чытачоў у запісе бібліятэкі імя М. Ю. Лермантава пройдзе «Конкурс на самага лепшага падманшчыка». На наступны дзень, 2 красавіка, бібліятэкі па ўсім свеце будуць адзначаць дзень нараджэння знакамітага пісьменніка Г. Х. Андэрсана. «Дзяцей і іх бацькоў чакаюць інтэрактыўныя чытанні казак Андэрсана. Каб самым маленькім слухачам не стала сумна, іх чакаюць разнастайныя гульні і конкурсы. Усё гэта будзе праходзіць у Instagram-акаўнце бібліятэкі імя Я. Купалы».

На 3 красавіка запланаваны дзень творчасці: кожны жадаючы зможа паўдзельнічаць у майстар-класе па вырабе вясновых кветак і круцёлак-вярцёлак. Прамы эфір будзе арганізаваны на старонцы бібліятэкі імя І. П. Шамякіна.

У перадапошні дзень кніжнага тыдня пройдзе мультмарафон. На сайце цэнтралізаванай сістэмы дзяржаўных публічных бібліятэк Магілёва можна будзе паглядзець разнастайныя мультфільмы, знятыя па матывах рускай і замежнай літаратуры.

«Акрамя гэтага, мы плануем запусціць флэшмоб. Усе дзеці змогуць зрабіць арыгінальную фатаграфію з кнігай і даслаць нам. Пазней мы размесцім іх на сайце, дзе правядзём галасаванне. Аўтары найлепшых фотаздымкаў атрымаюць памятныя прызы ад сеткі публічных бібліятэк горада», – расказала Алена Шэпелева.

БЕЛТА

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая