RU BY EN 中文
Twitter Instagram

У Асіповічах адкрылі новы хірургічны корпус цэнтральнай раённай бальніцы

Падарунак напярэдадні Новага года атрымалі жыхары Асіповіч. У горадзе адкрылі новы сучасны корпус цэнтральнай раённай бальніцы.

Ва ўрачыстым мерапрыемстве прынялі ўдзел старшыня аблвыканкама Леанід Заяц, намеснік міністра аховы здароўя Барыс Андрасюк, намеснікі старшыні аблвыканкама Валерый Малашка і Руслан Пархамовіч, старшыня Асіповіцкага райвыканкама Канстанцін Жыгуцкі, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Святлана Шутава і іншыя ганаровыя госці.

Адкрыццё бальніцы – гэта адна з самых чаканых падзей у раёне. Каля 10 гадоў установа аховы здароўя, якая абслугоўвае больш за 47 тыс. жыхароў, размяшчалася ў двухпавярховым будынку даваеннай пабудовы.

«Цяпер у нас з’явіўся пяціпавярховы сучасны корпус, абсталяваны па апошнім слове тэхнікі. Тут ёсць прыёмнае, акушэрскае і гінекалагічнае аддзяленні, аперацыйныя і рэанімацыі», – расказаў галоўны ўрач Асіповіцкай ЦРБ Павел Шаціла.

Планавалася, што новы корпус бальніцы стане тэрапеўтычным, аднак у 2017 годзе райвыканкам вырашыў зрабіць яго хірургічным. «Гэта значна палепшыць якасць і даступнасць медыцынскіх паслуг для жыхароў Асіповіцкага раёна. Раней мы былі вымушаны адпраўляць людзей у Бабруйск і Магілёў. Гэта стварала складанасці як у транспарціроўцы, так і ў аказанні экстранай дапамогі цяжкім хворым», – падкрэсліў Павел Шаціла.

Сярод навін – аддзяленне гемадыялізу і кабінет камп’ютарнай тамаграфіі. Закуплена шэсць апаратаў штучнай ныркі. Устаноўлены камп’ютарны тамограф беларускай вытворчасці, які будзе працаваць кругласутачна.

Асіповіцкая бальніца разлічана на 100 чалавек. «Плануецца, што яна стане міжраённым цэнтрам дапамогі. Ужо цяпер можна гаварыць пра тое, што гемадыяліз і камп’ютарная тамаграфія будуць запатрабаваны жыхарамі не толькі нашага раёна, але і суседніх», – упэўнены галоўны ўрач.

На будаўніцтва бальніцы выдаткавана больш за Br30 млн, з іх звыш Br11 млн – на медыцынскае абсталяванне. Грошы выдзелены з рэспубліканскага, абласнога і мясцовага бюджэтаў.

У наступным годзе плануецца стварыць на базе медустановы міжраённы анкалагічны скрынінгавы цэнтр, бальніца зможа таксама аказваць нефралагічную, траўматалагічную, дыягнастычную дапамогу жыхарам сумежных раёнаў.

Па матэрыяле belta.by, фота - gzt-akray.by

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая