RU BY EN 中文
Twitter Instagram

У Бабруйскай гарадской дзіцячай бальніцы завяршаюцца рамонтныя работы

У Бабруйскай гарадской дзіцячай бальніцы завяршаюцца рамонтныя работы. Ужо зусім хутка юныя пацыенты змогуць паправіць здароўе ў яе абноўленых камфартабельных сценах. Паводле слоў намесніка галоўнага ўрача па медыцынскай частцы Іны Воранавай, медтэхніка ўжо ўстаноўлена і наладжана, медперсанал да працы гатовы.

На рэканструкцыю здраўніцы, якая ішла з 2018 года, было выдаткавана каля Br10 млн., на абсталяванне яшчэ каля трох. У будынку замянілі сістэмы вентыляцыі, ацяплення, электразабеспячэння, водазабеспячэння і водаадвядзення, дзякуючы каляровым металакасетам прыкметна змянілася знешняе аблічча, усталявалі новыя вокны, дзверы і многае іншае. У рэанімацыйным аддзяленні выкананы касметычны рамонт.

Блокавыя палаты і перагаворныя прылады

Прызнацца, гледзячы на ўнікальны аб’ект, да канца не ўсведамляеш, што гэта дзіцячая бальніца. Яркі будынак, светлыя прасторныя калідоры з добрымі малюнкамі на сценах, утульныя палаты так і пераконваюць: гэта аздараўленча-лячэбны цэнтр. Можа, і добра, што ствараецца такое адчуванне, бо з добрым і пазітыўным настроем дзеці будуць хутчэй ісці на папраўку.

Як расказала Іна Воранава, дзіцячая бальніца разгорнута на 150 месцаў, з іх 144–педыятрычныя і 6–рэанімацыйных. Атрымаць медыцынскую дапамогу тут змогуць не толькі юныя бабруйчане, але і жыхары пяці прылеглых раёнаў.

На трэцім паверсе размясцілася аддзяленне для хлапчукоў і дзяўчынак ва ўзросце ад 8 да 18 гадоў. Але, што асабліва важна, умовы знаходжання пацыентаў зараз адпавядаюць сусветным стандартам дзякуючы блокавай сістэме. У кожным блоку дзве палаты, разлічаныя на 3–4 чалавекі. Маюцца свае санвузел і душавая кабіна, рукамыйніцы. Ёсць тумбачкі, шафы, халадзільнікі на медыцынскіх пастах і ў блоках.

На другім паверсе будуць ляжаць дзеці дашкольнага ўзросту і да года. У аддзяленні для мам і малых таксама прадугледжана блокавая сістэма з дзвюма палатамі, кожная разлічана на два чалавекі з дзецьмі. У блоку знаходзяцца санвузел і душавая кабіна, халадзільнік, у палатах – рукамыйніца, пеленальны стол, тумбачкі, шафа, разеткі. А яшчэ каля кожнага ложка ўстаноўлены перагаворныя прылады: можна звязацца з постам. Вядома, абсталявана ўсім неабходным і аддзяленне дашкольнага ўзросту.

Акрамя таго, у бальніцы ёсць і звычайныя палаты для мам і дзяцей. У кожнай–патрэбная гарнітура, адрозненне толькі ў тым, што санвузел і душ знаходзяцца на калідоры. Падрыхтаваныя палаты павышанай камфортнасці для тых, хто аддае перавагу адзіноце і цішыні. У здраўніцы па ўсіх патрабаваннях абсталявана палата для дзяцей з абмежаванымі магчымасцямі. Тут таксама ўсталяваны апарат для сувязі з медперсаналам, туалетны пакой абсталяваны поручнямі і зручнай душавой. Асаблівая ўвага нададзена аснашчэнню палат для нованароджаных дзетак, якія ў сілу абставінаў будуць ляжаць без аднаго з бацькоў.

Важна не хварэць

Вызначыць захворванне і хутчэй дапамагчы маленькаму пацыенту ачуняць дапамогуць кваліфікаваны медыцынскі персанал і сучаснае абсталяванне. Як адзначыла Іна Аляксандраўна, увесь першы паверх адведзены пад лячэбныя і дыягнастычныя кабінеты.

Напрыклад, з навінак у бальніцы ўсталявалі апарат для ультрагукавога даследавання брушнай поласці, нырак, шчытападобнай залозы, галаўнога мозгу, сэрца і інш. у дзяцей ад 0 да 18 гадоў. У кабінеце электраэнцэфалографа будуць даследаваць функцыянальны стан мозгу. Новае эндаскапічнае абсталяванне дазволіць даследаваць полыя ўнутраныя органы (стрававод, страўнік, дванаццаціперсную кішку, бронхі і інш.). А сучасная мыйная машына для эндаскопаў забяспечыць поўную апрацоўку інструмента, што выключыць рызыку інфекцыйнага заражэння. Цалкам абнавілі кабінет ЭКГ. Працоўная прастора отарыналарынголага абсталявана сучасным ЛОР-месцам, якое ўключае неабходныя прыборы для дыягностыкі.

І сама абстаноўка, і найноўшая тэхніка з гэтага часу зробіць паход да ўрача максімальна прыемным і эфектыўным для дзяцей. Важна адзначыць, што кожны медыцынскі пост будзе камп’ютарызаваны, а сетка ва ўстанове забяспечыць хуткі доступ да ўсіх вынікаў даследаванняў.

Умовы знаходжання для дзяцей і іх бацькоў сапраўды сталі камфортнымі. А пакуль бальніца наводзіць апошнія штрыхі, рыхтуючыся прыняць юных пацыентаў, хлапчукі і дзяўчынкі атрымліваюць кваліфікаваную дапамогу на базе Бабруйскага радзільнага дома.

bobrlife.by

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая