Рус Бел Eng 中文

У Беларусі аб’яўлены конкурс на самы лепшы турыстычны маршрут

У Беларусі аб’яўлены конкурс на самую лепшую ідэю турыстычнага маршруту ў межах праграмы садзейнічання развіццю турызму "Belarus N", якую рэалізуе РУП «Вытворчае аб’яднанне “Беларуснафта”». Пра гэта расказаў намеснік генеральнага дырэктара РУП Сяргей Каморнікаў.

«Вырашылі аб’явіць творчы конкурс на ідэю найлепшага турыстычнага маршруту. Прымаем заяўкі на электронную пошту конкурсу да 15 лістапада ад любой беларускай арганізацыі, якая займаецца турызмам. Мы б хацелі, каб гэта была нестандартная ідэя, якая прадугледжвае інтэрактыў, каб чалавек мог нешта рукамі пакратаць, у чымсьці паўдзельнічаць. Спадзяёмся, што гэты конкурс зможа ўдыхнуць новае жыццё ў праект», – сказаў Сяргей Каморнікаў.

Адна з умоў конкурсу – турыстычны маршрут павінен пачынацца з любой аўтазаправачнай станцыі «Беларуснафты», яны маглі б стаць інфармацыйнымі пунктамі, дзе любы падарожнік мог бы даведацца нешта цікавае аб навакольнай мясцовасці і пачаць падарожжа па маршруце. Карта сеткі АЗС размешчана на афіцыйным сайце «Беларуснафты». Акрамя таго, назва маршруту павінна быць прыметнікам – кшталту «Азёрны», «Сырны», «Напалеонаўскі».

Пераможцу конкурсу назавуць 25 лістапада. Аўтар найлепшага маршруту стане ўладальнікам пазадарожніка ад партнёра праекта, будуць разыграны суцяшальныя прызы – паліўныя карты на запраўку 100 л любога віду паліва на АЗС «Беларуснафта». «Мы разлічваем на садзейнічанне з боку СМІ і аграсядзіб, якія маглі б прыцягнуць турыста і прапанаваць яму новы вопыт і ўражанні», – дадаў Сяргей Каморнікаў.

Як адзначыў дырэктар камунікацыйнага агенцтва NEF/TBWA Алег Раманаў, праграма «Belarus N» – гэта ўнікальная магчымасць для развіцця турызму ў Беларусі. «Мы заклікаем да аб’яднання турыстычнага сектара, аграсядзіб з “Беларуснафтай”. За два гады створана цэлая сістэма, распрацаваны сайт, які дазваляе беларусам знаходзіць турыстычныя аб’екты. Цяпер неабходна, каб яны самі праявілі ініцыятыву і пачалі ствараць турпрадукты”, – падкрэсліў ён.

Як паведамляецца на сайце праграмы “Belarus N”, у перспектыве больш за 540 АЗС “Беларуснафта” выступяць у ролі інфармацыйных, рэсурсных і экіпіровачных цэнтраў для арганізацыі падарожжаў па родным краі. Усе падарожжы ў фармаце “Belarus N”, якія стартуюць з адной з АЗС “Беларуснафта”, будуць адрознівацца адзіным стандартам фірменнага сэрвісу і пазнавальнай праграмай для турыстаў усіх узростаў.

БЕЛТА

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая