RU BY EN 中文
Twitter Instagram

У гімназіі Быхава выпускаюць вучнёўскую газету, пра якую ведае кіраўнік дзяржавы

Навучэнец Быхаўскай гімназіі Дзмітрый Іваноў стрымаў слова, дадзенае Прэзідэнту падчас уручэння кіраўніком дзяржавы пашпартоў юным грамадзянам Беларусі ў Палацы Незалежнасці 10 сакавіка. Тады ён паабяцаў перадаць Аляксандру Лукашэнку новы нумар выдання. Вучнёўская газета ўжо адпраўлена ў Мінск. Вокладку ўпрыгожвае фота з акцыі «Мы–грамадзяне Беларусі!», дзе Прэзідэнт уручае хлопцу пашпарт.

– Мне вельмі хацелася, каб Аляксандр Рыгоравіч больш даведаўся пра мой родны Быхаў, пра тое, чым жыве і цікавіцца мясцовая моладзь,– успамінае паездку васьмікласнік, які марыць стаць журналістам. – Таму я вырашыў расказаць Прэзідэнту аб газеце, якую выпускаю разам з сябрамі і педагогамі. Прыкладную размову прадумаў загадзя. Вядома, хваляваўся перад сустрэчай, але ўсё прайшло нармальна.

Юныя журналісты адточваюць пяро ў штотыднёвіку на працягу 10 гадоў. Ля вытокаў стаяла педагог-арганізатар, галоўны рэдактар газеты Алена Івашкова. Яна ж і прыдумала назву «Гонг»,што значыць«газета о нашей гимназии». У выдання моцная каманда з 10 пастаянных аўтараў, час ад часу пішуць і іншыя вучні, педагогі. Таксама хлопцыі дзяўчаты асвойваюць працу вярстальшчыка, фотакара, адказнага за выпуск, працуюць над візуалізацыяй і напаўненнем газеты, пастаянна ўдасканальваюцца.

Дзіма далучыўся да «Гонга» тры гады таму, цяпер ён намеснік галоўнага рэдактара:

– Спачатку я больш назіраў і вучыўся, арыентаваўся ў працы на старэйшага таварыша Мікалая Касцюкова, які, дарэчы, ужо паступіў на журфак. Іду па яго слядах. Напрыклад, атрымаў абсалютную перамогу ў трох намінацыях на рэспубліканскім фестывалі-конкурсе дзіцячых СМІ «Свежы вецер».

На старонках газеты гімназісты асвятляюць жыццё навучальнай установы, расказваюць пра цікавых людзей. На рэдкалегіі юныя журналісты абмяркоўваюць найбліжэйшыя нумары–плануюць прысвяціць іх камандзе КВЗ «Эвалюцыя», якая прайшла раённы адбор і гатовая пакараць Магілёў. Не абыдуць тэмы 75-годдзя Вялікай Перамогі, 650-годдзя Быхава і выпускныя, якія набліжаюцца.

Друкаваны варыянт «Гонга» вывешваюць у гімназіі на стэндах, а электронную версію можна знайсці на сайце навучальнай установы і на старонках у сацсетках.

Таццяна Зарэмба, галоўны рэдактар Быхаўскай раённай газеты «Маяк Прыдняпроўя»:

–Вучні з гімназіі–вялікія малайцы! Яны робяць цікавую газету з таленавітымі тэкстамі на актуальныя тэмы і сучаснай вёрсткай. «Гонг» перыядычна дасылае ў нашу рэдакцыю публікацыі пра жыццё навучальнай установы, і мы рады гэтаму супрацоўніцтву.

Людміла Яршова, дырэктар гімназіі г. Быхава:

– Гімназія працуе, каб дзеці ў будучым занялі годнае месца ў грамадстве і паспяхова рэалізаваліся як асобы. Выпускаючы газету, вучні знаёмяцца са СМІ раёна, вобласці і краіны, аналізуюць падзеі і прапускаюць іх праз сябе. Яны вучацца адказнасці, яснасці выкладу, працы з крыніцамі інфармацыі.

СБ

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая