RU BY EN 中文
Twitter Instagram

У Глускай школе № 2 вядзецца капітальны рамонт

У Глускай сярэдняй школе № 2 па праекце «Мадэрнізацыя сістэмы адукацыі Рэспублікі Беларусь» пачаўся капітальны рамонт. На абнаўленне школы Міжнародным банкам рэканструкцыі і развіцця выдзелена больш за Br1 млн 545 тыс. Да рамонту будаўнікі падраднай арганізацыі ААТ «Пінсксаўгасбуд – ПМК № 14» прыступілі дзявятага сакавіка.

Вучням і іх педагогам на час прыйшлося размясціцца ў суседніх адукацыйных установах. Так, першакласнікаў прыняў дзіцячы сад № 4, вучні 2–4-х класаў займаюцца ў першую змену ў гімназіі, 5–11-я класы вучацца там у другую змену.

Нягледзячы на часовыя нязручнасці, перамены, якія адбываюцца ў школе, абавязкова павінны парадаваць сваім вынікам і дзяцей, і дарослых.

Будаўнікі ўжо выканалі ўнутры чарнавую працу, завяршылі дэмантаж, цяпер прыступілі да замены падлог і даху. У памяшканні будучага харчаблока, які па праекце Мінскага архітэктурна-праектнага бюро «Фармат» «пераехаў» з другога паверха на першы, рабочыя ўзводзяць перагародкі.

«Пасля рамонту тут з’явіцца сучаснае тэхналагічнае абсталяванне. Несумненна, размяшчэнне сталовай на першым паверсе намнога зручнейшае, – адзначыла дырэктар школы Алена Слічанок. – Значна прасторнейшай стане абедзенная зала, яна разлічана на 100 пасадачных месцаў. На месцы ж старога харчаблока з’явіцца кабінет біялогіі і лабаранцкая, а там, дзе вучні раней снедалі-абедалі, размесціцца школьны музей».

Змены закрануць і спартыўную залу: тут заменяць ацяпленне, з’явяцца душавыя і распранальні. Яшчэ запланаваны работы па замене сістэм ацяплення, каналізацыі, водаправодзе, вентыляцыі і электраправодкі. Згодна з праектам капрамонту, будуць цалкам абноўленыя тры кабінеты: хіміі, біялогіі і інфарматыкі. Таксама ў школе часткова заменяць дзверы. Пасля гэтага будаўнікі пачнуць унутранае аздабленне памяшканняў, не за гарамі, калі, вядома, надвор’е не перашкодзіць, яшчэ адзін этап рамонту – абнаўленне фасада будынка. Таксама абновяць ганак галоўнага ўваходу, заменяць тратуарную плітку, абавязкова добраўпарадкуюць і азеляняць прылеглую тэрыторыю. Капітальна адрамантаваць школу плануюць да сярэдзіны ліпеня.

glusk.by

 

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая