RU BY EN 中文
Twitter Instagram

У год 75-годдзя Перамогі асабліва значныя патрыятычныя праекты – Эдуард Тамільчык

У год 75-годдзя Вялікай Перамогі асабліва значная рэалізацыя ў школах патрыятычных праектаў, заявіў у час круглага стала начальнік галоўнага ўпраўлення выхаваўчай работы і маладзёжнай палітыкі Міністэрства адукацыі Эдуард Тамільчык.

«У год 75-годдзя Вялікай Перамогі асаблівую значнасць і маштабнасць набывае правядзенне ва ўстановах адукацыі мерапрыемстваў, аб'яднаных тэмай Вялікай Перамогі і накіраваных на ўдасканаленне сістэмы патрыятычнага выхавання навучэнскай моладзі, - сказаў Эдуард Тамільчык. - Рэалізуюцца рэспубліканскія і рэгіянальныя праекты і акцыі, праводзяцца конкурсы, канферэнцыі, інфармацыйныя гадзіны, урокі мужнасці, выстаўкі, сустрэчы з ветэранамі і іх сваякамі».

Штогод мерапрыемствы, што праводзяцца на прасторы Саюзнай дзяржавы, аб'ядноўваюць больш за 1 тыс. школьнікаў дзвюх краін. «Так, Міністэрства адукацыі Беларусі і Міністэрства асветы Расіі кожны год праводзяць турысцкі злёт навучэнцаў Саюзнай дзяржавы. Гэта адзін з самых маштабных маладзёжных праектаў, накіраваны на ўмацаванне дружалюбных сувязей паміж юнымі турыстамі дзвюх краін. Традыцыйнай таксама стала сустрэча выхаванцаў спецыялізаваных кадэцкіх навучальных устаноў, навучэнцаў кадэцкіх і ваенна-патрыятычных класаў Беларусі і Расіі ў Нацыянальным дзіцячым адукацыйна-аздараўленчым цэнтры «Зубраня» ў час грамадзянска-патрыятычнай кадэцкай змены навучэнцаў Саюзнай дзяржавы «За гонар Айчыны», - адзначыў начальнік галоўнага ўпраўлення.

Эдуард Тамільчык падкрэсліў, што сёння ва ўстановах адукацыі праводзяцца рэспубліканская акцыя «Беларусь памятае» і мерапрыемствы героіка-патрыятычнай акцыі «Вялікай Перамозе - 75». «Акцыя «Беларусь памятае» аб'яднала больш за 450 тыс. навучэнцаў з усёй краіны. У час акцыі «Вялікай Перамозе - 75» праведзена 26 рэспубліканскіх мерапрыемстваў, у якіх прынялі ўдзел каля 14 тыс. юнакоў і дзяўчат», - расказаў ён.

Адным з такіх мерапрыемстваў стала правядзенне рэспубліканскага конкурсу «Не цьмянее летапіс перамог». Навучэнцы даследавалі гісторыю воінскіх часцей і злучэнняў, партызанскіх атрадаў і падпольных груп, дзеючых у гады Вялікай Айчыннай вайны на тэрыторыі рэгіёнаў, прэзентавалі дзейнасць сваіх пошукавых клубаў і атрадаў па вывучэнні і захаванні памяці аб тых гераічных падзеях. «У конкурсе прынялі ўдзел 190 устаноў адукацыі з усіх рэгіёнаў краіны. Праведзена работа па даследаванні гісторыі дзейнасці 50 партызанскіх брыгад, 30 падпольных груп і 23 воінскіх часцей і злучэнняў. У час даследчай работы навучэнцы адкрылі новыя звесткі аб асобных падзеях, заснаваныя на вывучэнні мясцовага краязнаўчага матэрыялу. Яны дапоўнілі інфармацыю, уключаную ў раённыя «Кнігі памяці», аўтаматызаваныя пошукавыя сістэмы абагульненай базы даных «Мемарыял», папоўнілі фонды музеяў устаноў адукацыі», - дадаў начальнік галоўнага ўпраўлення.

У час падрыхтоўкі да рэспубліканскага конкурсу «Вайны свяшчэнныя старонкі навекі ў памяці людской» юнакі і дзяўчаты праводзяць пошукавую работу па даследаванні жыцця і дзейнасці ўдзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны, партыйных дзеячаў, партызан, падпольшчыкаў, якія звязалі сваё жыццё з прафесіяй педагога (намінацыя «Педагогі - удзельнікі Вялікай Айчыннай вайны»). У намінацыі «Іх імёнамі названы...» даследуюцца асобы, звязаныя з падзеямі Вялікай Айчыннай вайны, імя якіх прысвоена вуліцам, установам адукацыі, воінскім часцям, іншым сацыяльным і культурным аб'ектам населенага пункта, дзе жывуць юнакі і дзяўчаты.

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая