RU BY EN 中文
Twitter Instagram

У Краснаполлі на пажары загінуў мужчына

Гарачымі выдаліся мінулыя суткі ў Магілёўскай вобласці: адбылося пяць пажараў, адзін скончыўся гібеллю. Пра гэта карэспандэнту сайта паведаміла старшы інспектар Цэнтра бяспекі жыццядзейнасці і ўзаемадзеяння з грамадскасцю рэгіянальнага ўпраўлення МНС Вольга Нехарошых.

Трагедыя адбылася ў прыватным доме па вул. Савецкай у Краснаполлі. Позняе выяўленне пажару не пакінула шанцаў на выратаванне 57-гадовага мужчыны. Суседзі заўважылі агонь, калі дом і веранда ўжо гарэлі адкрытым полымем. На падлозе ў верандзе без прыкмет жыцця быў знойдзены гаспадар.

Загінулы пражываў адзін, не працаваў. Меркавана пажар адбыўся праз неасцярожнасць пры курэнні. Праверку па факце гібелі праводзіць Краснапольскі раённы аддзел Следчага камітэта.

«Студзеньскія маразы вымушаюць жыхароў прыватнага сектара больш інтэнсіўна паліць у печы, вось толькі не заўсёды жаданае цяпло бяспечнае. Два пажары меркавана адбыліся па прычыне парушэння правілаў эксплуатацыі печаў», – адзначыла Вольга Нехарошых.

Так, 8 студзеня днём 45-гадовы жыхар в. Казельская Буда Краснапольскага раёна каля дзвюх гадзін тапіў печ, а калі дом напоўніўся цяплом, адправіўся ў госці да суседа. Вось толькі душэўна пагутарыць не атрымалася: літаральна праз 10-15 хвілін занепакоеная суседка паведаміла, што дом гарыць. Гаспадар паспеў выратаваць ровар, які стаяў у калідоры, астатняе спапяліў агонь.

Неспакойнай выдалася ноч для жыхароў в. Бабіна Бабруйскага раёна. Каля паўночы загарэўся дом, які належыць 74-гадовай мясцовай жыхарцы. Пенсіянерка не пацярпела, эвакуявалася з жылля самастойна, а суседзі выклікалі ратавальнікаў. Дзякуючы ранняму выяўленню і аператыўнасці агняборцаў удалося пазбегнуць значнай шкоды: пашкоджаны 1 кв. м падлогі і маёмасць у пакоі.

Каб пазбегнуць непажаданых наступстваў пажару:

–не перапальвайце печ, паліце 2-3 разы на дзень і спыняйце топку за 2 гадзіны да сыходу з хаты або сну;

– перад дзверцамі печы павінен быць прыбіты перадтопачны металічны ліст памерам не менш за 50х70 см, падыдзе таксама цэментная або плітачная аснова;

– не распальвайце печ бензінам, газай або іншымі лёгкаўзгаральнымі вадкасцямі;

– попел, вугаль выдаляйце ў спецыяльна адведзенае месца, размешчанае на адлегласці 15 метраў ад будынкаў;

– не сушыце і не складвайце на печах і на адлегласці менш за паўтара метра паліва, адзенне, іншыя гаручыя рэчывы і матэрыялы;

– не зачыняйце засланку печы, пакуль вуголле цалкам не прагарыць.

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая