Рус Бел Eng 中文

У Круглянскім раёне па ініцыятыве грамадзян аднаўляюць помнікі прыроды

Па ініцыятыве грамадзян у Круглянскім раёне аднаўляюць і акультурваюць помнікі прыроды – крыніцы. Пра гэта паведаміў старшыня раённага Савета дэпутатаў Сяргей Храмцоў.

«Жыхары аграгарадка Цяцерына выступілі з ініцыятывай прывесці ў парадак крыніцу, якая знаходзіцца побач са школай. Ідэю грамадзян мы падтрымалі і сумеснымі намаганнямі зрабілі прыгожае і маляўнічае месца для адпачынку», – расказаў Сяргей Храмцоў.

Работы па добраўпарадкаванні помніка прыроды доўжыліся каля паўгода. Тут расчысцілі зямлю ад зараснікаў, зрабілі вадаём, упрыгожылі тэрыторыю малымі архітэктурнымі формамі, пасадзілі елкі. «Побач школа, таму для ўпрыгожвання тэрыторыі мы выбралі казачную тэматыку. Тут размясціліся Маша і мядзведзь, а на другім беразе зрабілі домік вадзянога. Прыемна, што над добраўпарадкаваннем крынічкі ў Цяцерына працаваў увесь раён – дапамагалі жыхары, адгукнуліся арганізацыі і прадпрыемствы раёна. Усё, што вы бачыце, – вынік працы вялікай колькасці людзей. І што важна: сюды не ўкладзена грошай, усё рабілі ўласнымі сіламі. Для ўмацавання берагоў збіралі камяні з палёў раёна, Аддзел адукацыі райвыканкама дапамог зрабіць і ўпрыгожыць домік вадзянога. Са старой металічнай аркі, якую перадалі нам з сельгасарганізацыі, атрымаўся прыгожы масток».

У планах – прывесці ў парадак яшчэ дзве крыніцы ў раёне. «Вельмі прыемна, што з такімі ідэямі і ініцыятывамі прыходзяць жыхары населеных пунктаў. Для іх важна прывесці ў парадак сваю малую радзіму, пакінуць для нашчадкаў нешта значнае і прыгожае. Мы падтрымліваем і дапамагаем. Таму што толькі разам мы зможам захаваць унікальную прыгажосць беларускага краю», – падсумаваў Сяргей Храмцоў.

БЕЛТА

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая